Дэпутатаства Канапацкай і Анісім раскалолі апазіцыю?


Мандат Ганны Канапацкай – не маленькая перамога апазіцыі, а вялікая ганьба Абʼяднанай грамадзянскай партыі, лічыць Вольга Маёрава. Яна балатавалася на дэпутацтва ад 107-й выбарчай акругі сталіцы. Паводле Маёравай, палітрада АГП дарэмна не параілася з іншымі кандыдатамі, ці як іх назвалі ў партыі – «спікерамі», якія чакана не прайшлі праз уладныя барʼеры.

«Гэта не калегіяльнае рашэнне партыі, бо не было абмеркаванае з усімі чальцамі партыі і са »спікерамі«. Мы настойвалі на тым, каб выслухалі нашае меркаванне», – патлумачыла Вольга Маёрава, актывістка АГП.

Напярэдадні і Ганна Канапацкая, і яе партыйны кіраўнік заявілі, што не прызнаюць гэтыя выбары. Адначасова з тым палітрада АГП вырашыла скарыстацца магчымасцю, якую ім падкінула ўлада.

«Мы не ўпісваемся ў гэтую сістэму, мы тыя, хто хоча змяніць гэтую сістэму, і робіць усё для гэтага мажлівае. Калі мандат Ганны Канапацкай будзе садзейнічаць змяненню гэтай сістэмы, гэта ацэніць можа не сёння-заўтра большасць людзей у Беларусі», – упэўнены Анатоль Лябедзька, старшыня АГП.

«Трэба адказваць за свае словы»

Улады наўмысна прапусцілі дэпутатку ад АГП у Палату прадстаўнікоў, гэта палітычная камбінацыя, мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

«Лідары АГП уголас казалі, што адзавуць сваіх кандыдатаў, якія нават будуць прапушчаныя. Відавочна, што ніхто не спадзяваўся, што гэта адбудзецца менавіта з АГП-шнымі кандыдатамі, але ж калі так здарылася, за словы трэба адказваць», – мяркуе Уладзімір Мацкевіч, метадолаг і адмысловец у палітычных тэхналогіях.

У шахматах гэта завецца цугцванг – які крок ні рабі, будзе толькі горш. Адмовіцца ад дэпутацтва – страціць пазіцыі. Не адмовіцца – дэмаралізаваць чальцоў партыі. Працэс ужо ідзе.

«Дагэтуль ва ўнутрыпартыйным абмеркаванні я не пачула ніводнага канкрэтнага адказу ні на адно пытанне. Я чую толькі размовы пра тое, што я агент КДБ, што я падрываю прэстыж партыі ды ганьбю яе», – падзялілася Вольга Маёрава.

Расколу няма, але невядома, што будзе далей

Анатоль Лябедзька спрабуе супакоіць партактыў. Кажа: расколу не будзе, цывілізаваныя дыскусіі вітаюцца, але толькі ўнутры калектыву.

«Я абсалютна ўдзячны і Ганне Канапацкай, і Вользе Маёравай, і ўсім астатнім – у нас было, здаецца, 27 кандыдатаў у дэпутаты, якія працавалі. Мы ўсе ў аднолькавай ступені дамагліся рэалізацыі задачаў, якія мы ставілі ў гэтай кампаніі». – зазначыў Анатоль Лябедзька.

Заяўленыя мэты – паказаць беларусам і міжнародным назіральнікам непраўдзівасць і непразрыстасць выбараў ды прэзентаваць грамадзянам праграму рэформаў «Мільён працоўных месцаў». Месца дэпутата стала сюрпрызам. Сумнеўнай каштоўнасці.

«Узгадайце фракцыю «Рэспубліка» ў Другім скліканні гэтай так званай Палаткі. Узгадайце Кірыла Рудага, які быў не дэпутатам, а намеснікам старшыні Адміністрацыі прэзідэнта са сваймі поглядамі. І ён не здолеў нічога зрабіць. Ён, які меў рэальную ўладу! А дэпутаты не маюць улады», – патлумачыў Уладзімір Мацкевіч.

Што будзе далей і хто падтрымае Вольгу Маёраву, пакажа зʼезд усіх кандыдатаў-спікераў ад АГП, прызначаны на 25-га верасня. Працяг будзе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў