Канада можа змяніць гімн, каб выраўняць у правах жанчын з мужчынамі


Урад Канады хоча змяніць словы дзяржаўнага гімна «O Canada». Прадстаўнік Ліберальнай партыі Канады Морыл Белонджы (Mauril Bélanger) прапанаваў адпаведны законапраект.

«Распрацаваны мной праект закона аддае належнае жанчынам, праца якіх, а таксама актыўны ўдзел сфармавалі сённяшнюю Канаду», – патлумачыў сваю прапанову Белонджы.

Калі праект падтрымаюць і зацвердзяць, то словы «true patriot love in all thy sons comman» («сапраўдная патрыятычная любоў уласцівая ўсім тваім сынам») будуць замененыя на «all of us command» («на чале ўсіх нас»).

Прапанаваныя змены вярнуць гімн да першапачатковай версіі, у якой не было звароту да «сыноў». Ён з’явіўся ў 1914 годзе як выраз падтрымкі для канадскіх жаўнераў, якія змагаліся падчас Першай сусветнай вайны. У версіі гімну на французскай мове такой праблемы няма.

Феміністычныя арганізацыі імкнуліся змяніць словы гімна з 1980 года. Тады песня «O Canada» замяніла «God Save The Queen» (Божа, захавай Каралеву») і была афіцыйна зацверджаная ў якасці гімна. Усе спробы ўвесці змены сустракалі супраціў з боку кансерватараў, якія не бачылі падставаў для такой ініцыятывы і сцвярджалі, што пераважная большасць у канадскім войску гэта мужчыны.

Канада не адзіная краіна, якая ў дзяржаўным гімне хоча падкрэсліць ролю жанчынаў. У 2012-м падобныя змены зрабіла Аўстрыя, а ў мінулым годзе Швейцарыя абвясціла конкурс на новыя словы гімна, якія б больш адпавядалі сучасным рэаліям.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў