Камунікацыі для царквы ці футбольнае поле. Улады Берасця не ведаюць, што будуюць пад іх вокнамі


Па версіі чыноўнікаў, добраўпарадкаванне з удзелам будаўнічай тэхнікі не патрабуе агароджы

«Белсат» расследаваў, што будуюць каля адміністрацыі маскоўскага раёну Берасця.

Пакуль уся ўвага берасцейцаў прыкаваная да будаўніцтва акумулятарнага заводу, некалькі жыхароў Берасця звярнуліся да журналістаў «Белсату» з просьбай даведацца, што будуюць на вуліцы Маскоўскай у раёне Усход. Працы на полі паміж царквой і Берасцейскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам пачаліся ў пачатку студзеня, і вядуцца дагэтуль. Будоўлі няма ў горадабудаўнічым плане, у даступных крыніцах няма інфармацыі аб грамадскіх абмеркаваннях, а сама будоўля не агароджаная плотам як таго патрабуе закон. Пашпарт аб’екту таксама адсутнічае.

Даведацца пра пабудову ўдалося пасля тэлефоннага расследавання «Белсату».

9 студзеня мы патэлефанавалі ў прыёмную адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця (да яе ад будоўлі – не больш за 500 метраў). Там не ведалі, што побач з імі вядуцца працы, і прапанавалі звярнуцца ў гарвыканкам.

«Цяпер аб’ектыўна не можам адказаць, што там адбываецца, але пасля вашага званку я адпраўлю туды чалавека, ён сходзіць туды, спытае і даведаецца. Патэлефануйце заўтра» – сказалі ў адміністрацыі.

На наступны дзень працаўнік прыёмнай заявіў, што «яны даведаліся»:

«Гэта царква вядзе камунікацыі. Вы не хвалюйцеся: па правілах добраўпарадкавання, калі нешта раскапана, яно павінны быць закапана – і закапана культурна. Я так разумею, калі газон будзе парушаны, то ён потым будзе адноўлены».

На полі паміж царквой і БрДзТУ працягвала працаваць тэхніка, і, як бы гэтае месца не выглядала, яно, паводле юрыстаў, павіннае было мець агароджу і мець пашпарт аб’екту.

Тэхніка працуе на будоўлі. Ці добраўпарадкаванні тэрыторыі

Мы распачалі абтэлефановаць чыноўнікаў па новым коле.

Спачатку звязаліся з начальнікам інспекцыі дэпартаменту кантролю і нагляду за будаўніцтвам берасцейскага аблвыканкаму Вадзімам Альшэўскім, але пачуўшы, слова «Белсат» і «парушэнні» Вадзім Іванавіч раптам заявіў, што стаў дрэнна чуць і паклаў слухаўку, і ў наступны дзень слухаўку ніхто не браў. У прыёмнай Альшэўскага сказалі, што нічога не ведаюць пра будоўлю, і зноў адправілі ў гарвыканкам. Начальнік аддзелу будаўніцтва гарвыканкаму Фёдар Жабароўскі таксама не быў у курсе сітуацыі, і папрасіў час на падрыхтоўку, але на наступны дзень усё ж даў нам каментар:

«Тэхнічны ўніверсітэт будуе футбольнае поле, яны зараз знялі верхні пласт, засыплюць чарназёмам – і ўся будоўля скончыцца. Будаўніцтва ідзе за кошт уласных сродкаў універсітэту».

На пытанне, што з тым, што на аб’екце няма агароджы ды пашпарта абʼекту, як патрабуе закон, нам адказваюць, што на гэта «у іх няма грошаў».

«Няма там ніякай будоўлі, гэта ж не мантаж, не катлаваны. Я лічу, што гэта элемент добраўпарадкавання», – дадаў Жабароўскі.

«Калі вядуцца якія-небудзь будаўнічыя працы, і тэрыторыя не абгароджаная, а пашпарту аб’екта няма – гэта грубае парушэнне дзейнага заканадаўства. Дзяржбуднагляд абавязаны разабрацца ў сітуацыі і пакараць вінаватых», – паведаміла Белсату юрыст «Экадому» Таццяна Сініца.

Але пасля нашых званкоў чыноўнікі сталі адмаўляць сам факт будоўлі.

Поле паміж царквой і БрДзТУ (будынак на заднім плане) разрытае бульдозерамі, але агароджы і пашпарту аб’екта ўсцяж няма

У чацвер, 8 лютага, мы патэлефанавалі прадстаўніку арганізацыі, якая вядзе будоўлю, прарэктару БрДзТУ па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Васілю Гарэйку.

– Васіль Аляксандравіч, гэта журналіст тэлеканалу Белсат, хацелася б атрымаць каментар датычна будоўлі якая ідзе каля вашага ўніверсітэту.

– А вам гэта навошта?

– Людзі цікавяць, што за будоўля, пытаюцца ў мяне як у журналіста.

– А вы якім бокам да гэтых людзей?. Вы што – вылучаецеся ў прэзідэнты?

– Вы як чыноўнік павінныя адказваць на пытанні журналістаў.

– Я вам нічога не павінен, у нас з вамі дамовы няма. І наагул па тэлефону не буду нічога казаць, можа вы наагул пятая калона, як кажа кіраўнік дзяржавы. І зараз раздзьмяце гэты пажар.

– А чаму будоўля адбываецца з парушэннямі?

– Будоўлі там няма, гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Алесь Ляўчук, фота – Мілана Харытонава

Стужка навінаў