Камунальныя паслугі без дзяржавы. Як гэта працуе ў Літве?


Літоўцы рэфармаванне сферы ЖКГ пачалі адразу пасля выхаду з Савецкага Саюзу. У выніку 100 % ЖКГ – у прыватных руках.

Тры гады таму апошняя камунальная служба Вільні ў раёне Наўінінкай перайшла з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную. Але дырэктар прыватызаванай кампаніі Сігітас Чырба, якая абслугоўвае жыхароў шматкватэрных дамоў раёну, запэўніў, што з новым уласнікам прадпрыемства дамовіліся на пэўныя саступкі. Каб падвышэнне коштаў было паступовае.

Адпаведна і за паслугі «на адчапіся» з выканаўцаў будуць патрабаваць поўнай адказнасці. Гэтая форма кіравання шматкватэрным домам, то бок праз прадпрыемства-адміністратара, хоць і найбольш папулярная, але не адзіная. Жыхары могуць і самаарганізавацца – праз таварыствы або адмысловыя дамовы аб’яднанай дзейнасці. Гэтак абслугоўваюцца 20 % жыллёвага фонду краіны.

Жыхары Вільні да таварыстваў і адміністратараў ставяцца па-рознаму:

– Я вельмі добра ацэньваю працу таварыства ўласнікаў жылля, наш старшыня вельмі добры, ён юрыст самакіравання. Таму мы вельмі добра жывем. У нас усё ашчадна, паўсюль ёсць дзверы.

– Мы паклікалі сантэхніка з камунальнай гаспадаркі ў Наўінінкай. У нас змянілі бясплатна 2 вентылі. А ў таварыстве, каб памяняць 4 лямпачкі з 13 кватэр узялі па 20 еўраў, што там лямпачкі – залатыя?

Агулам сярэдняя жыроўка ў Літве даволі цяжкая. Толькі за ацяпленне ў 50-метровай кватэры можна аддаць 70 еўраў, а яшчэ самы дарагі сярод суседзяў газ і нятанная вада. Сярэдні заробак таксама не зашкальвае – трымаецца на ўзроўні 600 еўраў. Але наракаць літоўцы не спяшаюцца.

«Мне падабаецца іхная праца, што папросіш, то робяць, выпраўляюць памылкі.Я асабіста цяпер у 3 разы жыву лепш, чым за савецкім часам», – кажа жыхар Вільні.

Эксперты адзначаюць, што прыватны капітал у камунальным абслугоўванні прынёс Літве шэраг плюсаў. Перадусім, палепшылася якасць паслугаў, і не ў апошнюю чаргу праз узровень адмыслоўцаў, якія ідуць у гэтую сферу.

За высакаякасную працу прыватныя камунальныя службы гатовыя плаціць годныя заробкі. Паводле Сігітаса Чырбы, сантэхнік атрымлівае да тысячы двухсот еўраў. А жыхары кватэраў ва ўмовах прыватнага ЖКГ маюць права самыя вырашаць, якім чынам дбаць пра стан сваёй агульнай уласнасці.

ТР, belsat.eu

Стужка навінаў