Камунальнікі разбурылі калонку ў вёсцы, каб правесці водаправод з «балотнай вадой»


Камунальнікі прапануюць жыхарам вёскі на Гомельшчыне правесці водаправод за свой кошт. Але нават з растэрміноўкай не ўсім вяскоўцам гэта «па кішэні».

Калонка шмат гадоў была сімвалам беларускае вёскі. Што прасцей – націснуў, і пайшла вада. Гэтак было і ў вёсцы Стаўбун на Веткаўшчыне. Пакуль не пачалася справа стагоддзя – падлучэнне водаправоду. Як заведзена – прымусовае.

«Ну, прыехаў начальнік з камунхоза. Выключыў і павёз. І ўсё. Ніхто не хоча за ваду плаціць – значыць калонка будзе закрыта. І ўсё – гуд бай, мая жонка», – кажа Іван, жыхар вёскі Стаўбун.

«Закрыюць – вось і ўсё, сказалі праводзіць у хату», – кажа Марыя, якая таксама жыве ў вёсцы Стаўбун.

Камунальнікі дэмантаж вулічных калонак тлумачаць высокімі стратамі і не ўлічанымі выдаткамі вады, а таксама павелічэннем выдаткаў на аказанне паслуг водазабеспячэння. Пры гэтым у камунальнай гаспадарцы запэўніваюць, што дэмантаж правядуць толькі на тых участках водаправоднай сеткі, дзе маецца тэхнічная магчымасць падлучэння жылых дамоў да цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння. Праўда, заплаціць за гэта давядзецца вяскоўцам.

«Яны – пенсіянеры, за свае ўласныя грошы правялі, ніхто ім не дапамог», – скардзіцца іншая жыхарка вёскі.

Чыноўнікі нават гатовыя разгледзець пытанне аплаты працаў падлучэння ў растэрміноўку. Аднак для некаторых жыхароў і гэта «не па кішэні».

«Калодзеж у двары ёсць – буду карыстацца калодзежам. Нават у растэрміноўку я не змагу, таму што ў мяне па другой групе інваліднасці 1,5 мільёны пенсія, на працу з другой непрацоўнай групай нікуды не бяруць», – распавядае пра свае праблемы Ганна Буракова.

Вада ж, якая цячэ што з калонкі, што з крану водаправода для піцця не прыдатная. Прынамсі, на думку вяскоўцаў.

«Дрэнная, дрэнная, іржавая. Наўпрост камякамі. Можа таму, што аўтаматыку ўсталявалі, можа пакуль прачысцяцца трубы», – зазначае Людміла Севасценка з вёскі Стаўбун.

Яе зямлячка Наталля кажа:

«Не гатую на такой вадзе – яна балотная. У мяне калодзеж у двары – дык што я буду? Пранне – у баню».

Гэтак, камунальнікі застаюцца пры сваіх меркаваннях, а жыхары вяртаюцца да калодзежаў.

Алена Шпак

Глядзі таксама
Каментары