Каму замінае «Рэд бул»?


Найшла чарга і да энергетычных напояў. Іх, як і раней алкаголь, могуць абкласці падаткам. Беларускі ўрад плануе ўвесці акцыз на танізуючае пітво.

Гаворка вядзецца пра газіроўку, кшталту «Рэд булу» або «Бёрн». У выпадку ўвядзення падатку, праект якога абнародаваны на сайце міністэрства фінансаў, кошт гэтых напояў павялічыцца прыблізна на 15 адсоткаў, то бок на 2 тысячы рублёў.

МАРЫНА БАРОЎКА, ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ ЕЎРАПЕЙСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ БІЗНЭСУ:

«Такіх прэцэдэнтаў не было. У краінах еўрапейскага звязу няма такой практыкі ўвядзення акцызаў на гэтую групу тавараў».

Паводле рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя, які прадстаўляе ў гэтым пытанні ўлады, энергетычныя напоі – шкодныя для чалавека. Пры гэтым, паводле даследавання, які цытуе Еўрапейская асацыяцыя бізнесу, канцэнтрацыя рызыкоўнага кампаненту – кафеіну – у «Рэд буле» ня больш, чым у чорным шакаладзе.

МАКСІМ ГРЫШЫН, ПСІХІЯТР-НАРКОЛАГ:

«Змена органаў, таксічны ўплыў, уздзеянне на залежнасць – на дадзены момант мы гэтага не назіраем. Як навукоўцы і як спецыялісты ў наркалогіі і псіхіятрыі».

На думку адмыслоўцаў, сапраўдным чыннікам увядзення новага акцызу ёсць недахоп бюджэтных сродкаў. Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу сцвярджае, што гэтыя дзеянні ўладаў – непрадуманыя.

МАРЫНА БАРОЎКА, ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ ЕЎРАПЕЙСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ БІЗНЭСУ:

«Калі паставіць сябе ў пазіцыю дзяржаўных органаў, я не ўбачыла праліку колькі ўсё ж такі мы ў выніку страцім, у тым ліку ў пагаршэнні бізнес-клімату, які можа, у доўгатэрміновай перспектыве, паўплываць на прыход інвестараў».

Некалькі тыдняў таму «Пепсі кола» заключыла з лідскім піўным заводам дамову аб разліве сваіх напояў у Беларусі. Адмыслоўцы асцерагаюцца, што дзеянні ўладаў па неадкладным зацісканні падаткамі эканамічных галінаў, як толькі яны паказваюць рост, адвабіць іншых патэнцыйных інвестараў у галіне энергетычных напояў, у прыватнасці «Кока колу» і «Ррэд бул».

Прадстаўнікі асацыяцыі еўрапейскага бізнесу засцерагаюць – новы падатак на энергетычныя напоі можа скараціць рынак на 11%, то бок, звесці бюджэтны прыбытак ад гэтай захады, практычна, на нішто. Фінансавыя ўлады нашай краіны, аднак, пра гэта, магчыма, ня ведаюць, бо праігнаравалі сённяшнюю нараду з прадстаўнікамі бізнесу.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў