Каму патрэбная энергія беларускага атаму?


Голасна на «Чарнобыльскім шляху» мае гучаць пытанне, ці беларускі атам можа быць мірны. Арганізатары будуць патрабаваць спынення будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Тут і трагічны досвед Чарнобылю, які не навучыў улады, і трывога пра бяспеку, і эканамічная мэтазгоднасць. Бульдозеры ўпэўнена расчышчаюць тэрыторыі ў Астраўцы, а толькі трыццаць гадоў таму гэтакія ж бульдозеры закопвалі ў смяротныя магільнікі цэлыя вёскі. Літоўскія палітыкі з непакоем гавораць у Менску, што ў выпадку аварыі ім давядзецца адсяліць мільён чалавек.

Каму патрэбная электраэнергія беларускага атаму? Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі канферэнцыі «Эканамічныя і інвестыцыйныя аспекты атамнай энергетыкі», арганізаванай экспертнай радаю пры Абʼяднанай грамадзянскай партыі і Аналітычным цэнтрам стратэгіі. Удзел у сустрэчы, прымеркаванай да 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы, узялі прадстаўнікі экспертнай ды грамадзянскай супольнасці, дыпламаты і літоўскія палітыкі.

І хоць на афіцыйным узроўні літоўска-беларускі дыялог нагадвае, хутчэй, размову глухога з нямым, абвінаваціць у маўчанні ці праблемах са слыхам нашых паўночных суседзяў цяжка. Менавіта Менск упарта ігнаруе шматлікія прэтэнзіі ды запыты адносна бяспекі будучай станцыі, якія дасылае праз дыпламатычныя каналы Вільня.

«Будаўніцтва, якое б яно дарагое ні было, заўжды мусіць адпавядаць максімальным крытэрам бяспекі. Бо гэта не калгасная ферма, я перапрашаю, – і нават там часам здараюцца аварыі. Калі ж здараюцца аварыі на атамных станцыях, мы ведаем, якія даўгавечныя могуць быць наступствы і колькі жыццяў чалавечых гэта можа каштаваць», – мяркуе Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы.

Зрэшты, сэнс у гэткім ігнараванні Менскам паўночнай суседкі ўсё-ткі ёсць.

«На міжнародным узроўні зафіксаваныя парушэнні Беларуссю прынамсі чатырох артыкулаў і дванаццаці рэкамендацыяў Канвенцыі Эспаа, а Оргускай канвенцыі ды Воднай канвенцыі Хельсінкі. Уласна праект Астравецкай АЭС мае хутчэй эксперыментальны характар: дагэтуль паводле яго не пабудавалі аніводнай станцыі. Дагэтуль не правялі стрэс-тэстаў і не развязалі пытання з утылізацыяй адпрацаванага радыеактыўнага паліва», – падкрэслівае Андрус Кубілюс, былы прэм’ер-міністр Літвы.

«Літва, якая бачыць гэткае становішча, намагаецца шырэй задзеяць міжнародны ўзровень. То бок бярэцца інструмент Канвенцыі Эспаа, і Оргускай канвенцыі. Абавязкова Літва будзе выкарыстоўваць і еўрапейскія інстытуцыі», – зазначае Віліюс Самуіла, дарадца амбасады Літвы ў Беларусі.

Калі ж палітычны ціск не дапаможа, Літва рыхтуе і план «Б». Парламентарыі краіны прынялі да разгляду адразу дзве рэзалюцыі, якія прадугледжваюць недапушчэнне электраэнергіі з Астравецкай АЭС на літоўскі рынак, а таксама прыняцце адпаведнага эмбарга і на агульным еўрапейскім узроўні. У выніку, эканамічная эфектыўнасць станцыі, якая будуецца пры самай беларуска-літоўскай мяжы дзеля таннейшага экспарту «атамных кілаватаў», аказваецца пад яшчэ большым пытаннем.

Валер Руселік, Белсат

Стужка навінаў