Камісія Сейму Польшчы адхіліла праект закону пра поўную забарону абортаў


Камісія па правах чалавека польскага Сейму цалкам адхіліла грамадзянскі праект закону, які прадугледжваў поўную забарону штучнага спынення цяжарнасці.

Цяпер праект паступіць на разгляд Сейму, які можа яго альбо адхіліць, альбо, дапрацаваўшы, зноў накіраваць у камісію.

Праект камітэту «Стоп аборту» прадугледжваў: абсалютную забарону на спароны, крымінальную адказнасць для ўсіх, хто б выклікаў смерць плода. Навізна ў гэтым праекце – пакаранне для жанчынаў, якія б згадзіліся на аборт.

Рэакцыяй на гэты законапраект былі «чорныя пратэсты» па ўсёй краіне. Паводле звестак паліцыі, у мінулы панядзелак па ўсёй краіне ў 143 акцыях удзельнічала каля 98 тыс. людзей.

Глядзі яшчэ >>> Забарона на аборты: ці пасуе для Беларусі? 

У адпаведнасці з актуальным польскім заканадаўствам, аборт можа быць зроблены, калі цяжарнасць уяўляе пагрозу для жыцця або здароўя жанчыны, ёсць высокая верагоднасць сурʼёзных і незваротных парушэнняў у развіцці плода або калі цяжарнасць зʼяўляецца вынікам злачыннага дзеяння. Грамадзянскі праект «Стоп аборт» адмяняў гэтыя магчымасці.

Праект «Стоп аборту» быў адпраўлены польскім Сеймам 23 верасня на дапрацоўку ў парламенцкую камісію па правах чалавека. Іншы законапраект «Ратуйма жанчын», які прадугледжваў легалізацыю абортаў ва ўсіх выпадках да 12 тыдня цяжарнасці, быў адкінуты парламентам.

МЯ, паводле tvpparlament.pl

Стужка навінаў