Камісія па экстрэмізме праверыла кнігі Пазняка, адказ дала па-беларуску


Сустаршыні аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу вернуць затрыманыя на мытні кнігі Зянона Пазняка. Аб гэтым паведаміла прэс-служба БХД.

Вечарам 13 кастрычніка 2014 года Севярынца затрымалі на памежным пераходзе «Брузгі», калі ён вяртаўся з Беластоку (Польшча). Пасля праверкі пашпарта Севярынца павялі на асабісты агляд і канфіскавалі шэраг кніг Зянона Пазняка.

Пасля двух зваротаў непасрэдна на пункт пропуску «Брузгі» і ў Гарадзенскую рэгіянальную мытню Павел Севярынец атрымаў 6 лютага адказ, падпісаны намеснікам начальніка мытні. У адказе паведамляецца, што спецыяльная камісія правяла экспертызу кніг Пазняка на «прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму» (экспертнае заключэнне ад 28.01.2015) і вызначыла, што ў гэтай літаратуры прыкметаў экстрэмізму няма.

Праўда, Гарадзенская мытня ўдакладняе: з 26 кніг уладальніку вернуць толькі 25. Кніга «Тэра Дэй» усё яшчэ знаходзіцца на экспертызе.

«Дзякуй Богу, нарэшце прыйшоў адказ, прычым па-беларуску, на мове звароту. Добра, што ў органаў хапіла розуму не прыдумваць «прыкмет экстрэмізму» ў кнігах Зянона Пазняка. Пройдзе час, і кнігі Зянона будуць вывучаць беларускія школьнікі, а не эксперты камісіі па экстрэмізме. Ну, а наконт кнігі «Тэра Дэй», напэўна, яна асабліва спадабалася чытачам з камісіі. Буду пісаць асобную заяву, каб яе вярнулі», – пракаментаваў сустаршыня БХД.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў