Каментатар «Белтэлерадыёкампаніі» назваў футбаліста зборнай Люксембурга «чорненькім»


Падчас трансляцыі адборачнага матчу Люксембург – Беларусь каментатараў БТ Аляксандр Цвячкоўскі дапусціў расісцкія выказванні ў бок футбаліста Люксембурга Джэрсана Радрыгіша(Gerson Rodrigues).

Адборачны матч футбольнага чэмпіянату свету – 2018 Люксембург – Беларусь трансляваў тэлеканал «Беларусь 2» увечары 31 жніўня. На матчы працавалі каментатар «Белтэлерадыёкампаніі» Аляксандр Цвячкоўскі і футбаліст ФК «Іслач» Мікіта Букаткін. Падчас другога тайма Цвячкоўскі дазволіў сабе фразу: «У Люксембурга мне падабаецца аўтар гола Ды Мата і гэты чорненькі».

Пад «чорненькім» Цвячкоўскі меў на ўвазе 22-гадовага футбаліста зборнай Люксембурга і клубу «Fola» з Эша Джэрсана Радрыгіша.

Нагадаем, што ў беларускім футболе гэта другі такі выпадак за месяц. Афіцыйны акаўнт «УКанткце» мазырскай «Славіі» таксама выкарыстаў выраз «чорненькія» у дачыненні да цемнаскурых футбалістаў.

Што да выніку матчу Люксембург – Беларусь, то ён прынёс сенсацыйную перамогу зборнай Люксембурга – 1:0. З пяццю пунктамі пасля сямі матчаў зборная Беларусі займае перадапошняе пятае месца ў сваёй адборачнай групе, на апошнім месцы зборная Люксембурга, якая набрала ўсе свае чатыры пункты ў матчах з нашай нацыянальнай камандай.

АС, Belsat.eu

Стужка навінаў