Менск абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд камандзіру роты Паўлу Сукавенку і прапаршчыку Артуру Вірбалу.
Іх прызналі вінаватымі паводле ч.1, ч.2 арт. 455 Крымінальнага кодэксу (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады).
Паўлу Сукавенку прызначілі 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Артуру Вірбалу – 4 гады. Абодва экс-камандзіры пазбаўленыя вайсковых званняў і права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў. Падчас свайго апошняга слова Вірбал і Сукавенка прасілі суд змякчыць пакаранне і не накіроўваць іх у месцы пазбаўлення волі. Вірбал, у прыватнасці, адзначаў, што «плануе працаўладкавацца і прыносіць карысць сям’і і грамадству».
На паседжанні было шмат вайскоўцаў, прыйшлі і маладыя людзі ў цывільным. Блізкія асуджаных ад каментароў журналістам адмовіліся.
Адвакат Сукавенкі Аляксандр Галіеў заявіў:
«Высокая верагоднасць, што мы будзем абскарджваць прысуд».
Разгляд справы па нестатутных адносінах у Печах пачаўся 1 кастрычніка, гэтая крымінальная справа з’явілася пасля гібелі Аляксандра Коржыча, але да смерці радавога, паводле следства, не мае дачынення. На лаве падсудных – 24-гадовы камандзір вучэбна-танкавай роты Павел Сукавенка і 25-гадовы прапаршчык Артур Вірбал.
Сярод 7 пацярпелых – сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч. У залу ў кайданках іх дастаўлялі канваіры. Маладых людзей ужо трэці месяц судзяць за давядзенне да самагубства Аляксандра Коржыча. Дарэчы, самі пацярпелыя сябе такімі не лічаць і прасілі суд не караць строга абвінавачаных.
НМ, КА, belsat.eu, фота Ірына Арахоўская/ Belsat.eu