Калядны дабрачынны фэст ад «Маладога фронта»

photo

У самы чароўны і таямнічы вечар у «Арт Сядзібе» адбыўся «Калядны фэст», арганізаваны актывістамі «Маладога Фронту». Шмат дарослых ды дзяцей сабраліся тут, каб паслухаць выступы беларускіх музыкаў, ды павабіць час у прыемнай кампаніі.

Але ў кожнага, хто прыйшоў на фэст, была адна галоўная мэта – дапамагчы дзеткам з Менскага дзіцячага дому. Кожны запрошаны прынёс нешта са спісу неабходных рэчаў: адзенне, бытавыя прылады, гарбату, цукар ці печыва. Акрамя таго, замест квітка трэба было ўнесці грашовыя сродкі, якія актывісты «Маладога фронту» перададуць у дзіцячы дом пасля Новага году.

Людзі ў цывільнай вопратцы ды з рацыямі таксама завіталі на імпрэзу і папярэдзілі, каб удзельнікі мерапрыемства «не ўжывалі алкаголь і паводзілі сябе прыстойна».

Але святочную атмасферу на дабрачыннай акцыі нішто не магло сапсаваць. Дух Раства тут падтрымлівала музыка, частаванне духмянай гарбатай ды хатнім печывам, гульні і віктарыны з прызамі.

Выступы ладзілі Зміцер Вайцюшкевіч, Пятро Клюеў і Андрусь Такінданг. Кранальным момантам сталі душэўныя спевы дзетак.

Зміцер Пашкевіч, актывіст «Маладога фронту», адзначыў, што падчас святаў не трэба забываць пра тых, хто можа застацца без падарункаў і ўвагі.

Калі Вы не паспелі ці, па нейкай прычыне, не змаглі завітаць на «Калядны фэст», але вельмі жадалі дапамагчы Менскаму дзіцячаму дому, у вас яшчэ есць магчымасць данесці патрэбныя дзецям рэчы ці грашовыя сродкі. За падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся да Крысціны па нумары +375 29 705 50 71, або заходзьце ў групы арганізатараў:
https://vk.com/event109548580
https://www.facebook.com/events/1392316764401259/

Прымайце ўдзел у акцыях, якія робяць цуды і дораць надзею!

МР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары