Каля захопленага ўчастка паліцыі ў Ерэване адбыліся сутычкі


У Ерэване каля аддзялення паліцыі, дзе ўзброеныя людзі цягам некалькіх дзён трымаюць закладнікаў, адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыянтамі.

Пратэстоўцы кідалі камяні ў паліцыянтаў, тыя ў адказ ужылі слезацечны газ. Карэспандэнты паведамілі, што чулі стрэлы.

Паліцыі ўдалося ўзяць сітуацыю пад кантроль. Паведамляецца пра дзясяткі затрыманых.

Акцыя пратэсту каля акружанага паліцыяй будынку з закладнікамі пачалася ў сераду, 20-га ліпеня. На патрабаванне пратэстоўцаў была перакрытая найбліжэйшая дарога. «Інтэрфакс» паведамляе, што актывісты прынеслі з сабой плакаты з партрэтамі лідараў апазіцыйнай групоўкі «Устаноўчы парламент», з якой, як мяркуецца, звязаныя захопнікі.

У нядзелю, 17 ліпеня, Служба нацыянальнай бяспекі Арменіі заявіла пра напад на аддзяленне паліцыі на ўскраіне Ерэвану. Некалькі прадстаўнікоў праваахоўных органаў апынуліся ў закладніках.

У нядзелю днём сілавікі распачалі спробу штурму, у выніку якога загінуў палкоўнік паліцыі.

Будынак акружана паліцыянтамі, аблога працягваецца пяты дзень. З моманту яе пачатку захопнікі адпусцілі на свабоду пяцярых захопленых паліцыянтаў, аднак у будынку па-ранейшаму знаходзяцца высокапастаўленыя працаўнікі паліцыі.

Сярод патрабаванняў захопнікі называюць адстаўку прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна і перадачу ўлады апазіцыйнаму «ўраду народнага даверу».

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў