Каля Маладзечна ўсё ж пабудуюць буйныя свінакомплексы. Лукашэнка падпісаў адпаведны загад


Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, кіраўнік дзяржавы даў згоду на тое, каб кампанія «Велес-міт» пабудавала два гіганцкія свінакомплексы ў вёсцы Совлава і раёне аграгарадку Палачаны.

Запланаваныя інвестыцыі ў праект – 70 мільёнаў еўра.

Людзі церпяць ад бруднага паветра і вады. Жыхары Маладзечна ў снежні летась пачалі барацьбу – збіралі подпісы і праводзілі грамадскія абмеркаванні, на якіх выказаліся супраць будовы фермаў.

Таксама вяскоўцаў абурае і забарона на ўтрыманне ўласных свіней. Згодна з пастановаю Міністэрства сельскай гаспадаркі, у радыусе 5 кіламетраў ад буйных свінакомплексаў іх нельга разводзіць.

Свінафермы каля Маладзечна збіраецца будаваць фірма «Велес-Міт» (раней – «Трайпл-Велес») – адна з кампаній «беларускага алігарха» і прыбліжанага да Лукашэнкі бізнесоўцы Юрыя Чыжа. «Трайпл» і яшчэ 18 кампаній Чыжа трапілі пад санкцыі Еўразвязу паводле абвінавачвання ў «фінансавай падтрымцы рэжыму Лукашэнкі» (у канцы кастрычніка некаторыя з іх былі выкрасленыя з «чорнага спісу» ЕЗ). Самому Чыжу забаронены ўезд у еўрапейскія краіны. Цяпер кампаніяй кіруе Аляксей Алесін, які пагражаў харчовай катастрофай у Беларусі, калі фермы не пабудуюць.

Свінакомплексы размесцяцца на адлегласці 3 і 18 км ад Маладзечна – каля вёсак Мойсічы і Соўлава. На кожным з праектаваных свінакомплексаў свіней будуць адкормліваць да 115 кілаграмаў і атрымліваць болей за 11600 тон мяса ў год.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў