Каля Каложы мяняюць брукаванку. Археолагаў выклікалі толькі тады, калі рабочыя знайшлі косці дзевяці чалавек


Рамонтныя працы ў ахоўнай зоне каля Каложскай царквы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У часе рамонту брукаванкі каля Каложскай царквы ў Горадні людскія косткі будаўнікам трапляліся на кожным кроку. Пасля першапачатковага даследавання антраполага выявілася, што гэта парэшткі дзевяці асобаў, сярод якіх ёсць дзіця.

Паводле закону, будаўнічыя працы ў ахоўнай зоне павінныя праводзіцца пасля экспертнага заключэння археолагаў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Шматлікія людскія косткі, знойдзеныя падчас рамонтных працаў, не сталіся дастатковай прычынай, каб распачаць археалагічныя раскопкі каля самай старой царквы ў Беларусі. Супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працавалі некалькі дзён, каб зрабіць агляд парэшткаў і месца, дзе іх знайшлі, ды падрыхтаваць іх да перапахавання. Навукоўцаў выклікалі толькі пасля таго, калі перабудова брукаванкі ўжо ішла поўнай хадою. Хоць па правілах, будаўнічыя працы на ахоўнай зоне, да якой адносіцца тэрыторыя вакол Барысаглебскай цакрвы, павінныя праводзіцца толькі пасля даследавання і заключэння археолагаў.

Была праведзеная судмедэкспертыза, якая мела на мэце ўсталяваць, ці гэта не крымінальнае пахаванне. Папрацаваўшы цягам двух дзён ва ўжо перамяшанай зямлі і траншэях, даследчыкі зрабілі некалькі знаходак: керамічныя кавалкі позняга сярэднявечча, касцяное вастрыё, магчыма, яшчэ жалезнага веку і адно пахаванне. Аднак вызначыць дакладна, у якім стагоддзі жылі знойдзеныя людзі, пасля такога маштабнага добраўпарадкавання тэрыторыі вельмі складана.

Падчас «добраўпарадкавання» ахоўнай зоны бясследна знішчаецца зямельны пласт разам з гістарычнай інфармацыяй. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Дзякуючы акрэсленым дзеянням будаўнікоў з дазволу аблвыканкаму, зараз мы мала чаго можам сказаць. Земляны пласт пашкоджаны і мы ўжо не знойдзем адмысловыя рэчы: крыжыкі, медалікі, манеткі, якія датуюць эпоху. Паколькі дагэтуль нічога з вышэйназванага не знойдзена, а ёсць толькі дробная кераміка, то адзінае, што я магу сказаць: гэта маса касцяных парэшткаў мінімум дзевяці чалавек. Дарослыя мужчыны і дзіця. Жанчын не знойдзена. У некаторых выяўлены паталогіі. Напрыклад, адзін індывід пакутаваў ад хваробы тазасцягнавага сустава – ён з цяжкасцю перасоўваўся. У некаторых былі стаматалагічныя праблемы. Пол дзіцяці па асаблівасцям костак акрэсліць не магчыма, патрэбна генетычная экспертыза. Можна толькі сцвярджаць, што ён памёр у сямігадовым узросце. Болей інфармацыі можна атрымаць, калі правесці дадатковыя сучасныя даследаванні», – кажа антраполаг Мікалай Памазанаў.

На думку экспертаў, кожная з такіх неабдуманых рамонтных прац, якія парушаюць земляныя пласты, знішчае пры гэтым каштоўную гістарычную інфармацыю.

Рамонтныя працы пад мурамі Каложы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Канешне, гэты выпадак паказвае, як беларусы нядбайна клапоцяцца пра сваю гістарычную спадчыну. Тут кожны сантыметр зямлі гістарычна важны, а пасля любых земляных працаў маленькія фрагменты, якія нясуць у сабе шмат інфармацыі, бясследна губляюцца. На жаль, радасці тут мала», – дадае адмысловец.

Чые гэта косткі?

Да тэмы пахаванняў каля Каложы можна прыплесці дзве гарадскія легенды, якія часцяком распавядаюць гарадзенскія экскурсаводы. Першая: Каложскую царкву пабудавалі на месцы паганскага капішча. Другая: паводле легенды недалёка царквы быў пахаваны знакаміты ваяр ВКЛ і гарадзенскі стараста 14 ст. Давыд Гарадзенскі.

«Ва ўсялякім выпадку мяча мы не знайшлі, – кажа спадар Мікалай, які вельмі скептычна ставіцца да дзвюх вышэйпрыведзеных версіяў. – Паколькі парэшткі ў большасці мужчынскія, а раней тут быў мужчынскі манастыр, то можна меркаваць, што гэта рэшткі манастырскіх могілак».

Людскія косткі каля Каложскай царквы будаўнікі знаходзяць не ўпершыню. Апошні раз гэта здарылася ў кастрычніку 2011 года, калі пракладалі трасу пад кабель ад царкоўна-прыхадскога дому да Каложы. Капалі тады на 70 см углыб.

Людскія косткі, знойдзеныя падчас рамонтных працаў, не прывялі да замарожвання рамонту і пачатку археалагічных раскопак. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Знойдзеныя косткі не здзівілі тагачаснага загадчыка кафедры археалогіі ГРДзУ, адказнага за археалагічны нагляд за будоўляй Сяргея Піваварчыка, які таксама выказаў меркаванне, што косткі належаць да манастырскіх могілак, а датаваў ён іх XVIII–XIX стагоддзямі. Косткі тады паклалі на месца знаходжання і зноў закапалі.

Парэшткі, знойдзеныя каля Каложы і складзеныя ў труну для перапахавання. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Знойдзеныя некалькі дзён таму парэшткі складзены ў труну. Іх перапахаваюць каля царквы.

Паліна Валіш

Стужка навінаў