Каля берагоў Лівіі перавярнуўся карабель з 700 мігрантамі


У Міжземным моры разгарнулася маштабная аперацыя па пошуку некалькіх соцень мігрантаў, якія знаходзіліся на борце судна, што перавярнулася каля берагоў Лівіі.

Па дадзеных берагавой аховы, судна, на якім знаходзілася «ад 500 да 700 мігрантаў», перавярнулася апоўначы па мясцовым часе, падае Бі-Бі-Сі.

На дадзены момант выратавана каля 30 чалавек.

У аперацыі прымаюць удзел італьянскія караблі, ваенна-марскія сілы Мальты і камерцыйныя караблі, якія праходзілі міма.

Судна затанула ў лівійскіх тэрытарыяльных водах на адлегласці 130 міль (210 км) ад паўднёвага італьянскага вострава Лампедуза і 17 міль (27 км) ад паўночнага ўзбярэжжа Лівіі, паведаміў прадстаўнік італьянскай берагавой аховы. Лампедуза ў апошнія гады стала цэнтрам прыцягнення для нелегальных мігрантаў з Паўночнай Афрыкі.

У бліжэйшыя гадзіны галоўная мэта выратавальнай аперацыі можа змяніцца на пошук целаў загінулых, адзначыў італьянскі прадстаўнік.

Паводле газеты «Times of Malta» пасажыры судна пачалі падаць за борт, калі яны ўсе кінуліся на адзін бок судна, каб прыцягнуць увагу карабля, які праходзіў міма.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў