Каля 70 чалавек святкавалі Дзень Волі ў Варшаве. Дадаліся фота


[/vc_column_text][vc_column_text]У Варшаве адбылося ўрачыстае шэсце з нагоды Дня Волі. Беларускае свята адзначалі таксама прадстаўнікі іншых народаў.

У сувязі з тым, што Дзень Волі сёлета выпаў на працоўны дзень, калі ў каталікоў да таго ж Вялікая пятніца, беларусы Варшавы вырашылі зладзіць святочнае шэсце 20 сакавіка.

А 14:00 удзельнікі сабраліся на плошчы Трох Крыжоў. Далей шэсце рушыла да Замкавай плошчы, дзе адбыўся святочны мітынг. Арганізатары акцыі – Рух салідарнасці «Разам» і Беларускі дом у Варшаве.

У шэсці ўзяло ўдзел каля 70 чалавек. Да беларусаў далучыліся палякі ды ўкраінцы, якія прыйшлі з жоўта-блакітнай сімволікай. Штораз поклічы «Жыве Беларусь» чаргаваліся з гучным «Слава Украіне» і «Няхай жыве Польшча». Праходзячы каля Прэзідэнцкага палацу, удзельнікі шэсця прыпыніліся, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць загінулага ў авіякатастрофе ў Смаленску польскага прэзідэнта Леха Качыньскага, які быў вялікім прыхільнікам вольнай Беларусі.

«Мы не рэпрэзентуем ніякай арганізацыі. Але мы шануем сваіх суседзяў і прыйшлі іх падтрымаць», – заўважылі хлопцы з Украіны, якія працуюць у Польшчы.

19-гадовы студэнт з Крыму Алім Хусейнаў, які цяпер вывучае гісторыю ў Варшаўскім універсітэце, адзначыў, што прыйшоў на акцыю, бо гісторыя Крымскага ханства і Вялікага княства Літоўскага моцна знітаваная. «Цяпер у Беларусі падобная да Крыму сітуацыя. І там, і там парушаюцца правы людзей, абмяжоўваюцца свабоды, няма магчымасці волевыяўлення».

На мітынгу слова ўзяў былы польскі міністр эканамічнай супрацы з замежжам, былы мэр Варшавы Марцін Сьвенціцкі, цяпер дэпутат Сейму. Ён заўважыў, што прыйшоў, каб падтрымаць беларусаў, якія змагаюцца за вольнасць сваёй Бацькаўшчыны. «Міжнародныя адносіны вымагаюць кантактаў з уладамі Беларусі, але гэтыя размовы не могуць адбывацца коштам правоў чалавека. Тут Еўрапейскі Звяз мусіць абапірацца на каштоўнасці, якія нас яднаюць і на якія таксама мае права Украіна. Мы таксама сёння тут, каб гэта ўдалося Беларусі», – сказаў спадар Сьвенціцкі.

Дырэктар польскай стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі заўважыў: «Гэта надзвычай важная рэч, каб у дзень, калі нашыя суседзі думаюць пра вольнасць, быць з імі разам. Вырашальная справа ў сённяшнім свеце – гэта дапамога тым, хто гэтага патрабуе. Калі ж бʼюць, то трэба быць з бітым, а не з агрэсарам».

Прадстаўнік украінскай грамады ў Варшаве Раман Корбут, звярнуўшыся да сабраных, сказаў: «Сапраўдная Беларусь жыве ў вашых сэрцах. Ніводная дыктатура, ні Лукашэнка, ні Расейская імперыя яе не перамогуць. Хацеў бы вам падзякаваць за прысутнасць на Майдане. Калі мы бачылі бел-чырвона-белыя сцягі, мы разумелі, што мы не адныя. Хачу падзякаваць за тых хлопцаў, якія аддалі жыцці за Украіну. Яны ахвяравалі сабою і за Беларусь. Хачу падзякаваць за батальён беларусаў, якія ў складзе «Правага сектару» бароняць межы нашай дзяржавы».

Удзельнікі акцыі падтрымалі ўкраінца словамі: «Кіеў, Менск, Варшава – супольная справа».

Дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Уладзімір Кобец прыгадаў: «Калі б не запалілася зорка 25-га сакавіка, бальшавікі б не абвесцілі Беларускай Савецкай Рэспублікі, а ў 1991 годзе мы б не здабылі для Беларусі незалежнасці. Калі кажуць, што беларусы не збудавалі сапраўднай дзяржавы, то гэта – няпраўда. Ніхто столькі не праліў крыві, як народы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ніхто не быў гэтак перабіты, вынішчаны, як беларускі народ, які ўсё ХІХ стагоддзе падымаўся на паўстанні супраць Расейскай імперыі».

Напрыканцы мітынгу выступіла беларуская паэтка з Іспаніі Анхэля Эспіноса Руіс, якая падбадзёрыла беларусаў ды прачытала ўласны верш «А праўда, што хутка вясна?»

Віктар Шукеловіч, belsat.eu. Фота Віктара Шукеловіча

Стужка навінаў