Каля 500 ветэранаў вайны ўва Украіне скончылі жыццё самагубствам


Практычна кожны, хто прайшоў баявыя дзеянні на Данбасе, пакутуе на посттраўматычны сіндром.

«Паводле звестак ваеннай пракуратуры, на пачатак чэрвеня 2017 зарэгістравана каля 500 выпадкаў самагубства сярод удзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі пасля вяртання з зоны баявых дзеянняў», – піша ў артыкуле «Стратэгія гібрыднага свету» міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў.

У артыкуле Авакаў падае вядомымі звесткі пра ўздзеянне вайсковых канфліктаў на здароўе іх удзельнікаў: 90-95% тых, хто прайшоў вайну маюць пасля гэта сацыяльныя і медычныя праблемы – перадусім, праблемы са здароўем, у траціны дыягнастуецца посттраўматычным сіндром. Менавіта ягоным вынікам нярэдка бывае самагубства.

Украінскі постваенны ветэранскі сіндром Авакаў параўноўвае з «афганскім» або «в’етнамскім сіндромам».

Савецкія «афганцы» часта не змаглі знайсці сабе годнае месца, вярнуўшыся з вайны, на якую іх «ніхто не пасылаў», – піша Авакаў. – Наркаманія, суіцыд, агрэсіўныя паводзіны, канфліктнасць, разбураныя сем’і, разбураныя лёсы.

Авакаў піша, што баявыя страты ЗША ў В’етнаме склалі 47 378 чалавек, а колькасць ветэранаў, якія скончылі жыццё самагубствам (у мірны час) да 1988-га дасягнула 100 тысячаў.

Міністр дадае, што ўжо праз год пасля пачатку канфлікту на Данбасе колькасць скаргаў членаў семʼяў удзельнікаў баявых дзеянняў на бытавы гвалт павялічылася ў восем разоў.

Статус удзельніка баявых дзеянняў ува Украіне маюць больш за 280 тысячаў чалавек.

ДД; фота вокладкі – Вадзім Голуб

Глядзі таксама
Каментары