Каля 3000 каталікоў прайшлі вуліцамі Горадні на свята Божага Цела


Малітоўнае шэсце на свята Божага Цела ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як штогод традыцыйнае малітоўнае шэсце сабрала на вуліцах гораду вялізную колькасць вернікаў, якія лічаць свята Божага Цела трэцім па значнасці ў каталіцкім календары.

У мінулым годзе на шэсці ў Горадні сабралася рэкордная колькасць вернікаў – каля пяці тысяч асобаў. У гэтым годзе людзей прыйшло значна менш, тым не менш, рэдка, калі ў горадзе можна пабачыць такую вялікую колькасць людзей на вуліцы.

Свята Божага Цела (у народзе «алтарыкі») звычайна адзначаецца на 60-ты дзень пасля Вялікадня. У Беларусі яго святкуе каля 15 адсоткаў насельніцтва, якія складаюць каталікі. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Цела Хрыстова з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.

Традыцыя вельмі яскравая. Перад калонай святароў і міністрантаў (моладзі, якая дапамагае ў службах ксяндзам) бадзёра крочаць прыгожа апранутыя дзеткі з кошыкамі, з якіх раскідваюць пялёсткі кветак. Агулам на вуліцах каля касцёлаў рыхтуецца чатыры ўпрыгожаныя алтарыкі, адкуль і паходзіць народная назва свята. Пасля святочнай службы, вернікі калонай вырушаюць з малітвамі і песнямі да кожнага з прыгатаваных алтароў, на які ўзносіцца «Цела Хрыстова» і перад якім чытаюцца адмысловыя фрагменты з Евангелля. На беларускую зямлю свята прыйшло з Польшчы разам з каталіцкай верай.

«Алтарыкі падчас працэсіі робяцца з часоў сярэднявечча. Не мы іх прыдумалі. Яны робяцца, каб мы маглі затрымацца, памаліцца і паслухаць Божае слова, падчас якога чытаюцца фрагменты Евангелля. Чатыры алтары – гэта чатыры розныя Евангеллі, якія напісаныя былі рознымі аўтарамі», – тлумачыць айцец Антоній.

«У нас у вёсцы Вялікія Эйсманты, гэта каля 30 км ад Горадні, калісьці працэсія была ад касцёла і потым да алтарыкаў, якія рабіліся каля хатаў або каля крыжоў. Ставілі стол, упрыгожвалі яго, каб на яго можна было паставіць Цела Хрыстова. Уверсе вешалі абраз, крыжык. Памятаю, што самыя алтарыкі раней упрыгожвалі яшчэ маладымі галінкамі бярозкі, а потым пасля службы людзі падыходзілі і сабе некалькі галінак адломвалі. Іх потым вешалі каля вокнаў, каб яны бераглі «ад грымотаў. Зараз такога ўжо ніхто не робіць. У нашай сям’і гэта было вялікае свята. Ніхто не працаваў. Булкі пяклі», – распавядае ўдзельніца шэсця спадарыня Гэля.

Як узнікла трэцяе па значнасці каталіцкага свята

Свята Божага Цела сваімі каранямі сягае ранняга Сярэднявечча. А ініцыятаркай яго была бласлаўлёная Юльяна з Карніён у Францыі. Сама манахіня паходзіла з Бельгіі, рана асірацела і на выхаванне патрапіла ў манастыр да сясцёр аўгустыянак, дзе атрымала добрую тагачасную адукацыю. Як прынята лічыць у каталіцкай царкве, менавіта ў кляштары ў Карніён яна засведчыла містычныя ўявы. Па адной з версіяў, некалькі разоў падчас малітвы, яна бачыла месяц з чорнай паласой, а пазней сам Ісус патлумачыў ёй, што чорная паласа азначае недахоп асобнага свята ў гонар Яго Цела і Крыві. Менавіта Ён наказаў, каб на 60-ты дзень пасля Вялікадня адзначаць гэты дзень, аднак не з роспаччу, як гэта адбываецца ў Вялікі Чацвер, а з радасцю. Цягам дваццаці гадоў св.Юльяна трымала гэта ў таямніцы, пасля чаго вырашылася на тое, каб прасіць Папу Рымскага ўвесці гэтае свята ў літургічны год.

Аднак тагачасны кіраўнік каталіцкай царквы не спяшаўся выконваць жаданне манахіні. Яе ініцыятыву падтрымаў біскуп Роберт Турот, які дазволіў манахіні арганізаваць першую ўрачыстую працэсію. Аднак пасля яго смерці св. Юльяну пачалі абвінавачваць у ерасі і свята на некаторы час забаранілі. За сваё жыццё афіцыйнага прызнання сваёй ідэі святая Юльяна, як гэта часта бывае, не дачакалася. Памерла яна ў 1258-м годзе замураванай у сваёй келлі.

Пазней справай св. Юльяны займаўся Папа Урбан IV, аднак канчаткова зацвердзіў урачыстасць толькі пасля таго, як сам дазнаў цуду ў 1263-м годзе ў Італіі. Падчас адной імшы, святар заўважыў, што падчас паднясення госціі (ахвярнага аплатка з пшанічнай мукі), кроплі крыві пачалі капаць на абрус. Абрус адразу адаслалі Папе Рымскаму, які ўпэўніўся, што абавязаны ўсталяваць свята Божага Цела. Пасля смерці Папы Урбана IV святкаванне Божага Цела абмежавалася да некаторых рэгіёнаў Францыі, Нямеччыны, Венгрыі і паўночнай Італіі, аднак яшчэ адзін Папа Ян XXII у 1317-м годзе зацвердзіў свята для абыходаў ва ўсёй каталіцкай царкве.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў