Каля 200 пратэстоўцаў застаюцца ў намётах каля Вярхоўнай Рады ў Кіеве


Пад Вярхоўнай Радай Украіны застаюцца каля 200 актывістаў. Сітуацыя на плошчы спакойная, актывісты абсталявалі палявыя кухні, намётавы лагер бароняць людзі з нашыўкамі добраахвотніцкага батальёну «Данбас».

«У цэлым, сітуацыя ў месцы правядзення масавых мерапрыемстваў кантралюемая. Там знаходзіцца дастатковая колькасць паліцыі і вайскоўцаў Нацгвардыі, каб забяспечыць бяспеку грамадзянаў і бесперашкоднае функцыянаванне дзяржаўных устаноў», – гаворыцца ў паведамленні МУС Украіны.

Учора на плошчы насупраць Вярхоўнай Рады сабраўся шматтысячны мітынг за зняцце дэпутацкай недатыкальнасці, змяненне выбарчага заканадаўства і стварэнне антыкарупцыйнага суду. Арганізавалі акцыю прыхільнікі экс-кіраўніка Адэскай вобласці Міхэіла Саакашвілі, партыі «Батькивщина», «Свобода» і «Самопомоч», «Правы сектар» ды іншыя. Паміж дэманстрантамі і праваахоўнікамі адбыліся сутычкі, з абодвух бакоў былі пацярпелыя. Саакашвілі заклікаў актывістаў не разыходзіцца і частка людзей засталася ночыць у намётах каля Вярхоўнай Рады.

ІІ, belsat.eu. Фота – Украінская праўда

Стужка навінаў