Каля 1000 італьянскіх паліцыянтаў узялі ўдзел у аблаве на мафіёзны клан Ндрангета


Маштабная спецаперацыя прайшла ў правінцыі Калабрыя на поўдні Італіі, паведамляе rainews.it.

У аблаве ўзялі ўдзел больш за тысячу паліцыянтаў і карабінераў. Італьянскія праваахоўнікі затрымалі 116 членаў клану Ндрангета. Іх абвінавачваюць у вымагальніцтве, кантрабандзе, незаконным захоўванні зброі ды махлярстве.

2 чэрвеня італьянскія паліцэйскія затрымалі аднаго з босаў Ндрангеты Джузэпэ Георгі, які знаходзіўся ў вышуку 23 гады. У 1994 годзе злачынца быў асуджаны на 28 гадоў і 9 месяцаў турмы за незаконны абарот наркотыкаў, але яму ўдалося ўцячы.

Ндрангета (іт. Ndrangheta, ад грэч. ἀνδραγαθία «мужнасць») – італьянская арганізаваная злачынная групоўка, якая паўстала ў Калабрыі – самай беднай правінцыі Італіі. Паводле даследчага інстытуту «Eurispes», у 2007 г. даходы Ндрангеты дасягнулі € 47 млрд.

У адрозненні ад сусветна вядомых мафіёзных кланаў Коза Ностра і Камора Ндрангета не ўступае ў адкрытае супрацьстаянне з уладамі і не ўмешваецца ў палітыку.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў