Каля 1,5 тыс. сілавікоў на вуліцах Парыжу. Алянд паабяцаў «бязлітасную барацьбу» у адказ на тэракты


«Мы збіраемся змагацца, і наша барацьба будзе бязлітаснай», – заявіў прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд у рэакцыі на шэраг тэрактаў у французскай сталіцы. Упершыню пасля Другой сусветнай вайны ў Францыі аб’явілі надзвычайнае становішча.

«Гэтыя тэрарысты, якія здольныя на такія жудасныя рэчы, мусяць ведаць, што ім будзе супрацьстаяць Францыя, аб’яднаная і рашучая», – паабяцаў французскі прэзідэнт.

Парыжская пракуратура распачала крымінальную справу пра тэрарызм, заявіў пракурор Парыжа Франсуа Маленс. Паводле яго слоў, расследаванне будзе датычыць шасці нападаў, падае Бі-Бі-Сі.

Глядзіце яшчэ >>> «Паклалі ўсіх на падлогу. Потым пачалі расстрэльваць» – сведчанні ацалелага падчас нападу ў Парыжы

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама назваў напады «абуральнай спробай тэрарызаваць нявінных грамадзянаў».

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран заявіў, што быў шакаваны нападамі, і паабяцаў зрабіць усё магчымае для дапамогі Францыі.

Сваё спачуванне прэзідэнту Франсуа Алянду скіраваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін таксама выказаў спачуванне народу Францыі.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка напісаў на сваёй старонцы ў «Тўітэры», што ён «глыбока шакаваны трагедыяй у Парыжы».

«Тэрарызм наш агульны вораг. Салідарны з народам Францыі», – гаворыцца ў паведамленні прэзідэнта Украіны.

Упершыню пасля Другой сусветнай вайны Францыя ўвяла надзвычайнае становішча на тэрыторыі краіны і зачыніла свае межы пасля шэрагу ўзброеных нападаў і выбухаў у Парыжы ў пятніцу ўвечары, у выніку якіх загінулі прынамсі 120 чалавек. Дакладная колькасць ахвяр яшчэ высвятляецца. Каля 200 чалавек атрымалі раненні, паведамляе Reuters.

Паведамляецца, што каля ста чалавек загінулі ў тэатры «Батаклан» у цэнтры французскай сталіцы. Узброеныя людзі захапілі там шмат закладнікаў, пасля чаго паліцыя пайшла на штурм. Паведамляецца, што восем нападнікаў, загінулі. Сем з іх ўзаарвалі сябе выбухоўкай, прымацаванай на пасах, а адзін з іх быў застрэлены паліцыяй.

Яшчэ некалькі нападаў адбыліся ў рэстаранах і барах, а таксама быў выбух каля стадыёна «Стад-дэ-Франс», дзе гулялі французскі і нямецкі каманды.

Парыжскія ўлады заклікалі людзей заставацца дома. На вуліцах французскай сталіцы знаходзяцца каля 1,5 тыс. вайскоўцаў. Шпіталі працуюць у надзвычайным рэжыме, у адпаведнасці з дзяржаўным планам, распрацаваным для надзвычайных сітуацый.

МЯ, паводле bbc.com, reuters.com

Стужка навінаў