«Каложскі дабравест» распачаўся ў Горадні (ФОТА)


У Горадні стартаваў ужо XVI міжнародны праваслаўны фестываль песнапенняў.

Пачаўся ён з прэзентацыі кнігі вершаў хрысціянскай паэзіі з аднайменнай назвай «Каложскі дабравест».

Такі зборнік паэзіі – шлях у будучыню маладым паэтам

Зборнік прэзентавалі 7 лютага. Ён утрымлівае вершы 11 беларускіх паэтаў. Сярод іх знакамітая Данута Бічэль – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, Юрка Голуб – лаўрэат Літаратурнай прэміі Імя Аркадзя Куляшова. Даволі знакамітыя паэты: Анатоль Брусевіч, Алена Бабіч, Галіна Самойла, бард ды выканаўца знакамітай песні «Гэта – мы!», якая прагучала пад час прэзентацыі – Андрэй Мельнікаў. Зборнік дапоўнілі сваймі вершамі і духоўнікі – Іаан (Алег Бембель), вядомы пад псеўданімам «Зніч» ды іерэй Павал Каспяровіч – святар гарадзенскага Свята-пакроўскага сабору.

Павел Каспяровіч

На старонках «Каложскага дабравесту» знайшлося месца і для вершаў маладых паэтаў – Вікторыі Смолка, Вольгі Агапонавай ды Аліны Паўлоўскай. Для іх такі зборнік – крок у будучыню, паводле слоў іерэя Паўла Каспяровіча.

Два дні царкоўных спеваў ды завяршальны гала-канцэрт

Паэтычны зборнік выйшаў накладам у 200 экзэмпляраў у «Гарадзенскай друкарні». Але прэзентацыя зборніка была толькі пачаткам святкавання гарадзенскага фестывалю песнапенняў. 8 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю, а 9 і 10 лютага адбудуцца конкурсныя праслухоўванні харавых калектываў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы па вуліцы Ажэшка, 23. Пачатак аб 11:00. Закрыццё фестывалю ды падсумаванне вынікаў з гала-канцэртам адбудзецца 11 лютага а 13:00 у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры.

 

Данута Бічэль



МД belsat.eu

Стужка навінаў