«Каліноўскі як Бандэра». Самыя абсурдныя заявы з Масквы пра Беларусь


Чаму расейскія медыі распаўсюджваюць дэзынфармацыю пра Беларусь? Размова Сяргея Пелясы з Андрэем Елісеевым і Веранікай Лапуцькай, аналітыкамі цэнтру «Еўразійскія дзяржавы ў пераходны перыяд», ці скарочана East Center. Гэта новая фабрыка думак, якая даследуе постсавецкую прастору і Усходнюю Еўропу. Андрэй і Вераніка падрыхтавалі першую справаздачу пра Беларусь «Антыбеларуская дэзынфармацыя ў расейскіх медыях».

Я часта сустракаю ў расейскіх медыях інфармацыю, што Беларусь асуджаная на расейскую нафту, бо іншая нафта эканамічна невыгадная. Наш сюжэт пацвярджае, што гэта не зусім так, выгады вялікай няма, але пэўныя плюсы можна выгандляваць, нават з боку Расеі. Чаму так адбываецца, што саюзнік саюзніку, Расея Беларусі, дасылае такую фальшывую інфармацыю?

Гэта адзін з элементаў ціску на кіраўніцтва Беларусі ды на Лукашэнку, сярод іншага. Можна згадаць 2010-ыя гады, калі Лукашэнка не хацеў уваходзіць у Мытны саюз і тады круцілі фільмы пра «Хроснага бацьку».

І ў выніку Лукашэнка падпісаў Мытны саюз.

Так, падпісаў. Цяпер таксама такі цяжкі перыяд у двухбаковых адносінах. Не сказаць, што ў Расеі ёсць канкрэтны план, што рабіць з Беларуссю, але гэта дэманстрацыя таго, што мы, маўляў, маем уплыў на вашую грамадскую думку. Бо калі сапраўды паглядзець на лічбы, то 70 % беларусаў глядзяць перыядычна расейскія медыі. Больш за тое, што важнейшае, расейскія медыі маюць большую ступень даверу, чым беларускія сярод беларусаў. Але што да нафты, гэта, хутчэй, элемент блефу як бонус у перамовах з Расеяй, бо сапраўды як бы там ні было, расейская нафта найбольш выгадная, бо Беларусь купляе яе і не плоціць мыта. Па-другое, транспарт таксама таннейшы і беларускія таксама тэхнічна дастасаваныя да расейскай нафты. Бо яна розніцца якасна ў Іране, Азербайджане ды іншых краінах.

Вераніка, вы разам з Андрэем падрыхтавалі гэтую цікавую справаздачу. Фактычна першую ў экспертавым асяродку, калі беларусы даследавалі ўплыў расейскіх медыяў на Беларусь. Замежныя фабрыкі думак гэтым займаліся, лепш ці горш, але вы былі першыя ў Беларусі. Які самы галоўны мэсідж, скіраваны да беларусаў ці, можа быць, да саміх расейцаў Беларусь?

Калі казаць пра апошні час, то галоўная мэта гэтай тактычнай расейская дэзынфармацыі – гэта, па-першае, паказаць беларусам, што яны не павінныя ісці шляхам Украіны, і дзеля гэтага ідзе пастаяннае запужванне беларусаў праз медыі. З’яўляюцца гэтыя страшныя карцінкі пра тое, што ва Украіне ўсё дрэнна, што яна застаецца адна і ў геапалітычным плане.

То бок не ісці ў кірунку Еўразвязу, НАТО, Захаду ў цэлым, так?

Так. То бок расейскія медыі хочуць давесці, што ў беларусаў адзінае выйсце ў цяперашняй сітуацыі, і, вядома, эканамічнае пагаршэнне сітуацыі таксама ім на руку, што толькі саюз з Расеяй, гэта таксама звязанае з нафтаю, пра што казаў Андрэй, гэта адзіны шлях. І зноў жа павялічылася колькасць паведамленняў, гэта распаўсюджаныя міфы, пра тое, што Беларусь гэта частка Расеі, што беларускі народ частка Расеі, беларуская мова штучная, такія больш традыцыйныя рэчы.

У вашай справаздачы пералічаныя 10 самых яскравых заяваў. Вызначыце адну-дзве самыя абсурдныя заявы, бо я нядаўна для сябе пачуў у адным з расейскіх ток-шоу, што Каліноўскі гэта як Бандэра. То бок яны шукаюць адпаведнік Бандэры, каб стварыць з часткі беларусаў фашыстаў. У іх гэта не вельмі атрымліваецца, з Украінаю было прасцей, бо там ёсць Бандэра. Такі злы сімвал, які часткова стварылі расейцы, але мы ведаем з гісторыі, што не ўсё так проста было. У Беларусі Бандэры няма, і яны ствараюць Бандэру з Каліноўскага 19 стагоддзя. А што ў справаздачы ці з апошняга перыяду вы заўважылі самае абсурднае?

Для мяне адкрытай хлуснёй было тое, што ў Беларусі прыціскаюць расейскую мову і культуру. Былі паведамленні, што ў Беларусі школьнікі нібыта павінныя вучыцца толькі на беларускай мове і не даецца выбару. Мы ўсе добра ведаем, людзі, якія жывуць у Беларусі, што колькасць расейскіх школаў вялізная. Іх нашмат больш, чымся беларускіх. У некаторых гарадах нават можа ўвогуле не быць беларускай школы ці ў маленькіх гарадках. І, вядома, гэтыя міфы пра прыцісканне расейскай мовы, мы ведаем, што гэта інструмент, які выкарыстоўвае Расея час ад часу і ў прыбалтыйскіх краінах і таксама ва Украіне.

У апошнія месяцы тры-чатыры мы назіраем такую інтэнсіўную хвалю. Асабліва пасля лістападаўскай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, калі ім не ўдалося дамовіцца пра газ, нафту ды іншыя пытанні. Ці гэта запужванне і ціск, каб Беларусь пагадзілася на расейскія ўмовы, ці, як кажуць некаторыя больш радыкальныя эксперты, гэта падрыхтоўка расейскага грамадства да нават вайсковага развязання праблемы, акупацыі, вайсковага перавароту?

Гэта дэманстрацыі сілы і, паўтаруся, уплыву Расеі на грамадскую думку ў Беларусі, але заўчасна казаць, што Расея мае нейкі канкрэтны радыкальны план, што да Беларусі. Цяпер, калі браць сітуацыю ў Беларусі, у прынцыпе, абароненыя асноўныя стратэгічныя інтарэсы Расеі. Калі Беларусь пачне пераходзіць нейкія чырвоныя рысы, а, гэта значыць, перашкаджаць транзіту энергарэсурсаў Расеі ў ЕЗ, перарываць вайсковую супрацу з Расеяй і спыняць дзейнасць ужо існых расейскіх вайсковых аб’ектаў у Расеі ці выходзіць з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй, гэта тыя чырвоныя рысы. Пакуль стратэгічныя інтарэсы Расеі ў Беларусі захаваныя, і казаць, што Расея мае радыкальны план у стасунку да Беларусі, не выпадае.

Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў. Масква 21 лістапада 2017 г.

Нават міністр замежных справаў Расеі Лаўроў у размове з Макеем адкрыта кажа, што яны сустракаюцца на «не вельмі спакойным інфармацыйным фоне». То бок яны ўжо афіцыйна гэта прызнаюць. Гэты інфармацыйны фон супраць каго скіраваны? Супраць Беларусі ў цэлым, як мы бачым у выпадку Украіны, Турцыі раней, якая была ворагам пасля збітага самалёта. Ці толькі супраць часткі грамадства Беларусі ці нейкай палітыкі, каб скарэктаваць яе?

Калі мы назіралі за тэндэнцыямі ў апошні перыяд, тое, што мы надрукавалі ў нашым дакуменце, мы заўважылі, што вельмі часта публікаваліся матэрыялы сапраўды супраць нашай апазіцыі, супраць прадэмакратычных лідараў, якіх называлі нацыяналістамі і гэтак далей.

Ці фашыстамі, хутчэй?

Таксама фашыстамі. Калі казаць пра апошнія тэндэнцыі, безумоўна, расейская прапаганда выкарыстоўвае гэты Марш дармаедаў і эканамічны стан, які, мы ведаем, не вельмі добры ў Беларусі. І тое, што яны робяць, яны спрабуюць данесці да беларусаў, да чытачоў, што ўва ўсім вінаваты ўрад, Лукашэнка, але вы, беларускі народ, мы ведаем, што вы насамрэч расейцы і мы вас чакаем і нічога супраць вас не маем. І цікава, што два дні таму адзін з рэдактараў аднаго з такіх парталаў, якія час ад часу друкуюць зняважлівыя матэрыялы «EurAsia Daily», або «Еўразія штодзённа» Уладзімір Зотаў напісаў артыкул «Расея і расейцы не могуць кінуць беларуса ў бядзе», дзе ён звяртаецца да беларускага народу і кажа, што, вось, мы ведаем, што ў вас праблемы і з Лукашэнкам, і ў Еўропе вас не чакаюць, але прыязджайце да нас у Расею.

Дык гэта не самы кепскі варыянт. Яны не кажуць, што патрэбная вайсковая інтэрвенцыя як на Данбасе.

Андрэй, парадаксальная сітуацыя. Дык што, беларусы не могуць пратэставаць супраць гэтага канкрэтнага закону, бо гэта выкарыстае Расея? Ужо пачынаюць пужаць тым, што не пратэстуйце, бо расейцы выкарыстаюць гэта і ўвядуць свае войскі або штосьці яшчэ зробяць, пераварот. Ці не занадта нагнятаюць гэтую атмасферу, што расейцы выкарыстаюць пратэсты ў Беларусі?

Гэта ўжо ўладам Беларусі выгадна пусціць такую плётку, інфармацыю, што, маўляў, не пратэстуйце, мы мусім быць з’яднаныя, інакш Расея скарыстаецца гэтым у сваіх інтарэсах. Тут, вядома, ужо і беларускі бок, і спецслужбы Расеі, маючы свае інтарэсы, па-рознаму выкарыстоўваюць інфармацыйныя падачы і грамадска-палітычныя падзеі. Я думаю, калі Лаўроў казаў пра неспрыяльны інфармацыйны фон, ён меў на ўвазе перш за ўсё вострыя выказванні Лукашэнкі на апошняй прэс-канферэнцыі ў адносінах да Расеі.

Бо Пуцін не выказваецца, Пуцін маўчыць, Лукашэнка выказваецца.

Ён таксама меў на ўвазе рэакцыю беларускіх дзяржаўных органаў наконт увядзення памежнай зоны ўздоўж мяжы з Беларуссю. То бок Лаўроў меў нешта сваё, кажучы гэта, а Беларусь занепакоеная іншымі інфармацыйнымі ўкідамі з расейскага боку. І, калі адная справа, гэта дэзынфармацыя як перакручванне нейкіх сённяшніх фактаў, а другое, што ёсць цэлы шэраг зневажальных матэрыялаў.

Што гэта за матэрыялы? У сваёй справаздачы вы пра гэта пішаце.

Ёсць шэраг расейскіх рэсурсаў, што праўда, гэта не вялікія федэральныя каналы, але даволі папулярныя рэсурсы, як сайт «Рэгнум», які рэгулярна размяшчае зняважлівыя ў дачыненні да Беларусі як краіны, да народу, да культуры матэрыялы. Напрыклад, скажаючы, што беларускай нацыі не існуе, што беларуская мова была прыдуманая палякамі.

А Рашэтнікаў кажа, што камуністамі. Палякамі або камуністамі. Яны самыя не ведаюць.

«Рэгнум» кажа, што палякамі. І ўвогуле «Усходняе партнёрства» прыдумала польская эліта, каб разарваць Расею, і Захад праводзіць гібрыдную вайну з тэрыторыі Беларусі. Больш за тое, у адным з матэрыялаў робіцца параўнанне і наўпрост кажуць, што Слуцкі пояс, гістарычная каштоўнасць Беларусі, ён не больш каштоўны за вайсковы мундзір нацысцкага генерал-камісара Вільгэльма Кубэ. Гэта абраза нейкіх нацыянальных каштоўнасцяў.

Гэта нейкі абсурд. Я хачу скончыць пазітыўным акцэнтам. Я параўноўваў статыстыку сайту «Белсату» і агенцтва «Рэгнум». Дык вось аўдыторыя, беларускі трафік, колькасць наведнікаў з Беларусі на «Рэгнуме» меншая за 3 апошнія месяцы, чымся на сайце «Белсату». Я думаю, што гэта добрая інфармацыя. Значыць, беларусаў не так лёгка ашукаць. Мы ведаем сваю праўду.

Цалкам праграму «Прасвет» глядзіце тут. 

Іншыя тэмы: 

Ці нафта з Ірану дапаможа Беларусі зменшыць залежнасць ад Расеі?

Пуцін з Лукашэнкам не хоча размаўляць. Масква выкарыстоўвае Назарбаева

Украінскі дзіцячы садок пад абстрэлам. Рэпартаж нашага карэспандэнта

Гутарыў Сяргей Пеляса belsat.eu 

Стужка навінаў