Калі рак перастане нас забіваць?


Чаму ў Беларусі так шмат хворых на рак? Чарнобыль? Кепская экалогія? Гэта яшчэ не ўсё. «Вялікая роля адводзіцца фактарам, якія залежаць ад чалавека. Лішняя вага, нерацыянальнае харчаванне, паленне і ўжыванне алкаголю. У чалавека з гэтымі фактарамі імавернасць захварэць на анкалагічнае захворванне на 60 % вышэйшая», – гаворыць госць праграмы «Людскія справы» Андрэй Вітушка, лекар-рэаніматолаг.

Штогод у Беларусі колькасць тых, хто захварэў на рак, павялічваецца амаль на траціну. З іх кожны чацвёрты памірае. Гэта нягледзячы на рэкламу добрай беларускай медыцыны ці экалагічнасці нашых харчоў.

У праграме «Людскія справы» – гісторыі людзей, што змагаюцца з анкалагічнымі захворваннямі. Ад раку ніхто не застрахаваны: хварэюць і старыя, і дзеці, багаты і бедныя. Хтосьці лечыцца ў Беларусі, хтосьці – шукае грошы і выязджае на лячэнне за мяжу. Паводле госці праграмы, Святланы Бергер, беларускія лекары могуць рабіць усе тыя аперацыі, што і іхныя заходнія калегі. Аднак у Беларусі на вельмі нізкім узроўні пасляаперацыйная апека: хворыя ляжаць у палатах па 6 асобаў, няма псіхалагічнай дапамогі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Сістэма аховы здароўя мусіць займацца тым, дзеля чаго яна створаная: дапамагаць людзям захаваць здароўе і лячыць. Яна не мусіць займацца забеспячэннем прагнозных паказнікаў ахопу дыспансерызацыяй насельніцтва, флюараграфіяй. Яна не мусіць працаваць дзеля прыгожай карцінкі на дзяржаўных тэлеканалах. Людзі, што працуюць у шпіталях, мусяць займацца менавіта сваёй справаю – лячыць людзей. А людзі, што кіруюць, забяспечваць лячэбны працэс», – гаворыць Андрэй Вітушка.

Глядзіце больш – у праграме «Людскія справы».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў