«Калі прыйдуць з ваенкамату – хавайся ў падвал»


Гісторыя ўкраінца, які ўцёк ад мабілізацыі ў Беларусь.

«Да вас прыехаў тры месяцы таму. Нядаўна ўладкаваўся на будоўлю. Працую нелегальна. Плацяць 200 тысяч за дзень. Спрабаваў пайсці ў краму грузчыкам, але там было 32 асобы на месца. Мяне не ўзялі, бо працадаўца мусіў атрымаць нейкую паперку з Горадні, каб аформіць на працу іншаземца, а каму ахвота гэтым займацца. Ды і з працай у вас тут тугавата», – кажа 26-гадовы Яўген.

Сядзім у брудным пакоі з засмаленымі сценамі. Побач з Яўгенам – ягоная маці. «Вы ж толькі не пішыце нашых прозвішчаў і горад, адкуль мы прыехалі», – просіць Света.

На стале забрынчэў мабільны. Яўген падымае, доўга слухае суразмоўцу і напрыканцы кажа: «Калі прыйдуць з ваенкамату – хавайся ў падвал».

«А чаму з’ехалі з Украіны?» – пытаю ў Алы. «Раней у нас былі 4 каровы. Я малачко ў Славянск вазіла. Пасля самыя ведаеце, што было. Тры каровы прадалі, каб заплаціць за газ і свет – дом у нас вялікі. Нармальнай працы няма. Муж і малодшы сын на двух $ 100 зарабляюць. А тут мы эканомім і ўжо нават $ 300 ва Украіну выслалі. Я тут падпрацоўваю як сацыяльны работнік – бабульку даглядаю».

Як я магу аддаць сына ў гэтае пекла?

– А ты дзе вучыўся?
– Скончыў універсітэт у Харкаве. Там таксама з працай не надта.
– ДНРаўцы былі ў тваім горадзе?
– Прыехалі, параскідвалі ўлёткі, павесілі на краму свой сцяг, але нашыя яго хутка знялі. У нас стаяла Нацгвардыя. Да лініі фронту было кіламетраў 15.
– А ў войска чаму не пайшоў?
– Я хацеў, але…

Маці перабівае Івана: «А што мне дала Украіна? Ва ўніверсітэце мы вучылі яго за свае грошы. Працы цяпер няма. Якое войска? Як я магу аддаць сына ў гэтае пекла?»

– А ваш малодшы сын застаўся дома?
– У яго жанчына і дзіцё. Ён адмовіўся ехаць. А муж такі чалавек, што яму нават калі бомба на галаву ўпадзе, ён не з’едзе.

Калі б не Пуцін…

– Жэня, ці лічыш ты сябе патрыётам?
– Безумоўна.
– Ёсць сябры, што пайшлі ў войска?
– Пяць сяброў пайшлі на фронт. Адзін загінуў. Я б і сам пайшоў, разумееш. Але неяк так атрымалася.
– Шмат ідзе ў войска?
– 60-70 % хлопцаў з нашага гораду не хоча ваяваць.
– У цябе ёсць дзяўчына?
– Была. Засталася ва Украіне. Сустракаюся тут з беларускай. Яна малая яшчэ. Хутка споўніцца 17. Буду чакаць, пакуль выгадуецца. Тым больш у яе бацькоў 3 кватэры, а ў мяне ні капейкі за душой.
– Вы падтрымліваеце палітыку Парашэнкі і новага ўраду?
– А як жа, – адказваюць ва ўнісон маці з сынам.
– Але вы кажаце, што працы няма і заробкі жабрацкія…
– Гэта ўсё Пуцін і Расея. Калі б не вайна, ўсё было б нармальна. Яны гэтую кашу заварылі, а нам цяпер расхлёбваць, – кажа Света, ледзь стрымліваючы слёзы. – Давайце скончым гэтую размову. Слава Украіне! Жыве Беларусь!.

Размаўляў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары