«Калі працуюць сабачкі і бяжыць звер – гэта музыка!»: паляўнічыя зладзілі фэст (Фота)


На фэсце адбыўся адмысловы парад паляўнічых

Пад Горадняй прайшоў першы фестываль паляўнічых.

Упершыню пад Горадняй – на Аўгустаўскім канале – прайшоў Фестываль адраджэння паляўнічых традыцыяў. Гэта першы фестываль такога фармату ў Беларусі – раней праходзілі перадусім паляўнічыя выставы ды імпрэзы паляўнічых.

Горадня была абраная для такой падзеі не выпадкова. Алень святога Губэрта, змешчаны на гербе гораду, мае «закадаваны» паляўнічы падтэкст: паводле легенды, Губэрт быў рыцарам, які падчас палявання ўбачыў аленя з крыжам паміж рагоў, пасля чаго пакаяўся і навярнуўся да веры. Паводле сярэднявечнай традыцыі, менавіта гэты святы суправаджае паляўнічых у іх справе.

Першабытны паляўнічы і сярэднявечны

Алень святога Губэрта

Сярэднявечная музыка і «паляўнічы шансон»

Фестываль пачаўся з маршу ўдзельнікаў пад гукі духавога аркестру. Сярод паляўнічых у камуфляжы і працаўнікоў лясгасаў ішлі таксама постаці ў шляхецкіх строях і нават у касцюме «першабытнага паляўнічага» – у шкуры ды з крамянёвай дзідай. На фестываль таксама прыехалі госці з Польшчы, апранутыя ва ўрачыстую форму «лясной стражы».

На фэсце дзіўным чынам еўрапейская паляўнічая традыцыя суіснавала з савецкім і постсавецкім аналагам. Сярэднявечныя музычныя і танцавальныя матывы на сцэне чаргаваліся з «паляўнічым шансонам» і песнямі Разэнбаўма, кшталту: «…А утки уже летят высоко».

Асобнай часткай праграмы сталася выстава ганчакоў розных парод, якіх праводзілі перад гледачамі. З некаторымі сабакамі дзеці маглі нават пагуляць. Ахвочыя маглі пакаштаваць мяса дзіка альбо курапаткі, выпіць медавухі.

Дзеці маглі даткнуцца да экспанатаў

Наведнікам паказалі паляўнічых сабак

«Звер падыходзіць, а ты яго… фатаграфуеш»

Паляўнічы з Наваградчыны Аляксандр, які «у тэме» з 1977 года, перакананы, што ў паляванні важная не столькі здабыча, колькі працэс:

«Не думайце, што паляўнічыя – гэта бяздушныя людзі: абы застрэліць, забіць… Паляванне – гэта і камунікацыя, і кампанія, і сябры. Паляванне можа быць як індывідуальным, так і масавым – з загонамі. Тады збіраецца 10-30 чалавек. Сабачкі працуюць, звер бяжыць – гэта музыка, песня! І ў звера, дарэчы, у такім разе больш шанцаў, чым у цябе».

Зусім іншая філасофія – індывідуальнае паляванне, калі можна пасядзець і паразважаць…

«Бывае, сядзіш на вышцы, чакаеш звера, – распавядае Аляксандр, – Ён падышоў, а ты яго – фатаграфуеш. І страляць ужо не хочацца, разумееце?»

Да стэрэатыпаў пра першынство алкаголю падчас палявання, навязаных некаторымі расейскімі кінастужкамі, Аляксандр ставіцца адмоўна:

«Гэта не так. У нас вельмі жорсткі закон: на паляванні ні грама, пасля ўжо можна адзначыць здабычу – гэта «святая» справа! Але таксама – у межах разумнага».

Мужчына звяртае ўвагу, што паляванне цяпер – дарагое задавальненне. Найперш «цягнуць» зброя і боезапас. Таксама рыштунак, які можа быць і беларускім, і імпартным.

Паляўнічы Аляксандр з Наваградчыны

Хлопцы з вабай, якою вабяць аленя

Усе здымкі:

«Ваба патрэбная, каб прыбраць з голасу ўсё чалавечае…»

Максім Гурын і Вадзім Бурштын прыехалі на фэст ажно з Менску. Чуваць хлопцаў здалёк, бо з сабой яны прыхапілі вабы – спецыфічны інструмент, каб «вабіць» аленя падчас палявання.

«Ваба патрэбная, каб узмацніць голас і прыбраць з яго ўсё чалавечае – гук мае быць падобны да рову аленя, – тлумачыць Максім. – Гэты інструмент, напрыклад, рабіў мой бацька, у сябра – куплены. У кожнай вабы свой непаўторны гук, яны адрозныя».

Хлопцы дадаюць, што любоў да паляўнічай тэмы перайшла ім ад бацькоў, гэта ўжо сямейная традыцыя. А на фэст прыехалі, каб вывучыць мясцовыя традыцыі ды ў чарговы раз судакрануцца з «паляўнічым брацтвам».

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары