Калі пачалася Беларусь? Распавядаюць нашыя суседзі


Калі пачалася Беларусь? Адныя гісторыкі шукаюць карані ў Полацкім княстве, іншыя без ценю сумневу ўкажуць на Вялікае Княства Літоўскае. Пабачыць наш нацыянальны сцяг можна было толькі на пачатку дваццатага стагоддзя – значыць, усё ж такі Беларуская Народная Рэспубліка? Але не сакрэт, што ўладам і шмат каму з беларусаў усцяж бліжэй рэспубліка савецкая?

Мы запыталі экспертаў з Беларусі, Літвы, Украіны ды Расеі, што яны думаюць пра незалежнасць нашае краіны. А вось што кажуць апытаныя «ПраСветам» жыхары Менску:

«Трэба хіба глыбей у гісторыю ісці – у Вялікае Княства Літоўскае, пэўна, там нашая дзяржаўнасць і зарадзілася».

«Пачынаючы з рэвалюцыі 1917 года!».

«Пасля Вялікай Айчыннай вайны 1944 года».

«Цяпер 25-га Дзень Волі, БНР, але нашая дзяржаўнасць зарадзілася яшчэ ў час ВКЛ».

«Напэўна, калі зарадзілася БНР, сто гадоў таму».

Гісторыкі адзначаюць, што гэта заданне дзяржавы – вызначыцца з самою сабою і прыняць сваю гісторыю. Гэтак, нашыя паўночныя суседзі таксама не заўсёды былі такія свядомыя, і дзень 16 лютага 1918 года, калі свету была абвешчаная незалежнасць Літвы, выклікаў спрэчныя пачуцці.

«Таксама доўгі час лічылася, што гэта было штосьці несур’ёзнае, але час ішоў, і прадстаўнікі народу ды сам народ пачалі разумець, што гэты дзень усё ж такі быў галоўным пунктам адліку», – каментуе літоўскі гісторык Чэславас Лаўрынавічус.

Нашыя суседзі не маюць сумневаў, адкуль лічыць беларускую дзяржаўнасць: тады, калі канчаткова фармаваліся нацыянальныя дзяржавы па ўсёй Еўропе.

«Беларускі нацыянальны рух пачаўся ў сярэдзіне XIX стагоддзя – гэта нармальны еўрапейскі працэс, але я б не стаў зніжаць ролю беларусаў і Беларусі ў Рэчы Паспалітай, у Вялікім Княстве Літоўскім, у СССР ды ўва ўсіх дзяржаўных утварэннях, што калісьці былі на гэтай тэрыторыі», – гаворыць Аляксей Арэстовіч, вайсковы эксперт з Кіева.

Чужую гісторыю, пакуль яна цябе не датычыць, прыняць куды прасцей за ўласную

Але да сучаснай Беларусі ў тых жа суседзяў процьма пытанняў. Гэтак, у Маскве існуюць сур’ёзныя сумневы наконт факту беларускае незалежнасці.

«Эканамічны суверэнітэт Беларусь пакуль сябе забяспечыць не можа, што вельмі дзіўна, улічваючы тое вялізарнае падтрыманне за апошнія 20 гадоў. Больш за сто мільярдаў долараў Беларусь атрымала ад Расеі, гэта небывалыя памеры. Тым не менш пры такім падтрыманні народ усё бяднее. З іншага боку, каля Лукашэнкі з’явілася цэлае сузор’е мільярдэраў», – заяўляе палітолаг Андрэй Суздальцаў з Масквы.

У Кіеве пра беларускую эканоміку думаюць мала

Куды мацней хвалюе палітычная незалежнасць Менску.

Аляксей Арэстовіч кажа, што Кіеў, безумоўна, можа размаўляць з Беларуссю як з незалежнаю дзяржавай, але з аглядкаю на тое, што яна сябра Саюзнай дзяржавы і ўплыў Крамля там зусім не малы.

Тым не менш яшчэ гадоў дзесяць таму цяжка было ўявіць, што ўлады дазволяць свята Дня Волі ў цэнтры сталіцы, а на дзяржаўных тэлеканалах пра БНР будуць казаць станоўча.

«БНР – гэта беларускі палітычны праект, які, на жаль, гэтак і не стаўся дзяржаваю. Гэта не нямецкі праект», – кажа Ігар Марзалюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Беларусізацыя не ад добрага жыцця?

Адмыслоўцы ўпэўненыя, што павольная і звонку практычна незаўважная беларусізацыя ды гаворка пра нацыянальныя каштоўнасці, якія раней выклікалі ў найлепшым выпадку нервовую рэакцыю, – усё гэта не ад добрага жыцця.

«Трэба развязваць праблему незалежнасці ад Расеі. У першую чаргу ідэалагічную ад Крамля. Тут заўсёды лепш быць суб’ектам, а не тою гісторыяй, што была ў 1997 годзе, калі прапаноўвалі шасцю вобласцямі ўваходзіць у Расею. І гэта адзін са сродкаў – падкрэсліць самастойную ролю беларускай дзяржаўнасці», – мяркуе украінскі вайсковы эксперт Аляксей Арэстовіч.

Ідзе гэта са скрыпам, бо праз дзень па расповедах у ОНТ пра значнасць БНР затрымліваюць шэраг актывістаў, якія выступалі за шэсце на Дзень Волі.

«Не патрэбныя вось гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці, не таму, што я іх баюся. Ну пройдуць па вуліцах, па Менску, ну загадзяць горад і гэтак далей. Перажывём. Але адзін раз, другі, а потым будзе, як 20 гадоў таму», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Курс ёсць, а ідэалогіі – няма

Чаму ўлады самыя не могуць вызначыцца, што яны думаюць пра БНР? Ёсць жа цэлы курс дзяржаўнай ідэалогіі.

«Улады і рэжым не стварылі ніякай ідэалогіі. Як яны ні намагаліся, яны гэтага не стварылі, бо ідэалогію немагчыма прыдумаць і напісаць у кніжцы. Ідэалогія – гэта тое, што жыве ў адукацыі. Тое, што распавядаюць дзецям у школе або ў дзіцячым садку. Нацыю як уяўную супольнасць ствараюць не палітычныя партыі», – кажа філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Вось і апынулася, што цяпер лепшай гісторыі за падзеі стогадовай даўніны – няма. Савецкую мінуўшчыну зарэзерваваў Крэмль, а ўласнай пэўнай нацыянальнай ідэі за два з паловаю дзесяцігоддзі ўладарання гэтыя ўлады так і не прапанавалі, а таму жывуць толькі адною мэтаю.

«Нацыянальная ідэя беларуская – вельмі простая – выжыць. Выжыць і захаваць атрыманы шанец, аднойчы ў гісторыі такі шанец даецца дзяржаве – захаваць сваю дзяржаўнасць», – лічыць расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

А вось Уладзімір Мацкевіч глядзіць на рэчы куды менш песімістычна. Нацыянальная ідэя, на ягонае меркаванне, патрэбная была сто гадоў таму.

«Мы ўладкоўваем нацыю, якая ўжо набыла незалежнасць, дзясяткі гадоў пратрымалася незалежнаю суверэннаю краінаю. Сёння нам ужо не так істотна чапляцца за ідэю: тыя, хто чапляюцца за ідэю, звычайна скочваюцца ў нейкія архаічныя погляды», – кажа філосаф.

Архаічнымі, савецкімі поглядамі ўсцяж жыве да прыкладу большая частка вертыкалі ўлады. Усе тыя, хто хочуць павярнуць кола гісторыі назад, замест таго, каб прыняць яе, ушанаваць і рухацца ў заўтра.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Таксама ў праграме:

«Літва глядзела на БНР як на саюзніка». Чаму сапсаваліся дачыненні?

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu. Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM

Стужка навінаў