Калі не парад, то як? Беларускія блогеры і мастакі раяць, як трэба святкаваць Дзень Незалежнасці


Вядомыя блогеры і творчыя людзі распавялі belsat.eu, якім чынам можна правесці свята Незалежнасці краіны, калі ўявіць, што ў нас існуе альтэрнатыва выбару.

Яўген Ліпковіч: паветранае шоу

Яўген Ліпковіч, пісьменнік, сцэнарыст і блогер лічыць, што наземны парад у існуючым выглядзе даўно не мае сэнсу, а працоўныя калектывы пры вялікім жаданні могуць ладзіць дэманстрацыі самі па сабе.

«Наяўнасць на трыбуне некаторых чальцоў сям’і вышэйшага чыноўніка выклікае апраўданае абурэнне ў часткі насельніцтва. І калі генералы салютуюць нейкаму хлопчыку, гэта зусім пераўтварае парад у карыкатурную гульню ў салдацікі», – кажа Яўген Ліпковіч.

Яўген Ліпковіч, пісьменнік, сцэнарыст і блогер

Блогер падкрэслівае, аднак, што вайсковыя парады ў Дзень Незалежнасці – сусветная практыка.

«У якасці кампрамісу я б прапанаваў адмяніць парад з танкамі, пакарабачаным асфальтам і разбітымі ліхтарамі, пакінуць толькі паветраную частку. А дэманстрацыю працоўных праводзіць у закрытым памяшканні, у Чыжоўцы-Арэне, напрыклад.

Ён згодны пакінуць усё, як ёсць, толькі пры адной умове:

“Але калі б на парадзе раптам выпадкова задавілі б прэс-сакратара Міністэрства абароны Макарава, то я гатовы глядзець парад і так», – кажа Яўген Ліпковіч.

Антон Матолька: выканаўцаў замаўляюць жыхары

Блогер Анатоль Матолька правёў бы апытанку жыхароў ўсёй краіны, прыцягнуў бы да правядзення свята спонсараў з бізнесу, а выставу тэхнікі арганізаваў на адмысловым палігоне.

Антон Матолька, блогер

«Я не лічу, што на свяце патрэбна дэманстраваць сродкі забойства, і я супраць такіх парадаў, – кажа Антон Матолька. –  Вядома, што такая тэхніка падабаецца дзецям, і чаму б не перанесці яе на спецыяльную пляцоўку, больш прыгодную для вялікіх цяжкіх танкаў, дзе была б магчымасць для наведвальнікаў разглядзець, для дзяцей – пагуляць з гэтай тэхнікай».

Блогер ініцыяваў петыцыю з прапановай вынесці парады ваеннай тэхнікі за межы гораду.  Петыцыю на дадзены момант падпісалі каля 6 тысячаў чалавек.

«Горад павінен заставацца горадам, з лакальнымі мерапрыемствамі. Можна было апытаць жыхароў загадзя на рэспубліканскіх сайтах, каго з выканаўцаў хацелі б запрасіць самі людзі. Потым сярод прапановаў скласці спіс, які рэальна можа сабе дазволіць дзяржава, а таксама запрасіць спонсараў. Бізнесу заўсёды цікавыя такія мерапрыемствы, яны б узялі на сябе частку выдаткаў гораду і ўсе былі б задаволеныя», – кажа Антон Матолька.

Ніко Сандрос: джаз на плошчы

Мастачка Ніко Сандрос на плошчы паставіла б раяль і расквеціла горад у чырвона-белыя і вясёлкавыя колеры.

Ніко Сандрас, мастачка

«На плошчы паставіць раяль, дынамікі і няхай музыкі граюць Шапэна. На другой плошчы – канцэрт Нейрадзюбель і Крамы. На трэцяй – джаз. І ўсё гэта як заслуга мінулых пакаленняў, незалежнасць і свабода, – кажа мастачка. – Я не ведаю, у чым сэнс бразгання гусеніцамі танкаў пры сучасных метадах вядзення вайны. Каму яны дапамогуць, калі вайна рэальна пачнецца? А калі гэта даніна памяці вызваліцелям, то няхай ім лепш справай дапамаглі, а не парадамі. З мастацкага пункту погляду нічога прывабнага там няма. Я аматарка гарманічных спалучэнняў, аддам перавагу чырвона-белай, вясёлкавай расфарбоўцы. Усё астатняе на парадах прыгнятае».

Аляксей Талстоў: народны масавы рэйв

Аляксей Талстоў, мастак, куратар і арт-дырэктар культурна-адукацыйнага цэнтру ЦЭХ прапануе дэмакратычнае народнае свята замест разнарадкі, што маем на гэты час.

Аляксей Талстоў, мастак, арт-дырэктар

«Па форме мне бліжэй карнавал, ці масавы рэйв, нешта мірнае і пазбаўленае рэпрэсіўнай дысцыпліны. Гэта можа быць таксама адна галоўная сцэна, якую ставіць горад, і шмат іншых лакальных, нават з магчымасцю самаарганізацыі жыхароў», – кажа Аляксей Талстоў.

Мастак таксама не ўхваляе вайсковага складніка ў масавых святкаваннях.

«Мілітарызм і імкненне пагуляць у моцных грозных ваяроў – гэта нешта з часоў прымітыўных патрыярхальных грамадстваў. Увогуле, гэта вялікая загана, таму да ўсіх парадаў я стаўлюся хутчэй, як да антрапалагічнага атракцыёну. Незалежнасць, пра якую мы гаворым, на жаль, так ці інакш звязаная з патрыятызмам, які грамадзяне павінны падзяляць. Для мяне такія рэчы не суперактуальныя, а навязаныя геапалітычнымі абставінамі. Таму я святкаваў бы не Дзень Незалежнасці, але нешта іншае, менш аўтарытарнае, можа, нават, без прывязкі да пэўнай даты. Выпадковы паза-каляндарны выходны некалькі разоў на год».

Саша Раманава: пешы горад, пернікі, лялькі і карціны

Саша Раманава, дырэктарка «Мінт Медыя» (сайты kyky.org і the-village.me) пагаджаецца застацца ў Менску на Дзень Незалежнасці толькі калі каля Ратушы будзе выступаць Том Йорк з сольным канцэртам.

Саша Раманава, дырэктарка выданняў kyky.org i the-village.me

«У гэтым выпадку я застануся ў Менску, вытрываю парад з танкамі і ўсю гэтую вакханалію гулякаў, да якіх усе снобы накшталт мяне ставяцца з дастатковай доляй скепсісу», кажа Саша Раманава.

Дырэктарка Інтэрнэт-выданняў бачыць народнае святкаванне, у першую чаргу, як шмат музыкі, магчымасць слухаць разнастайных вулічных музыкаў, напрыклад, як на вуліцах Герцэна і Зыбіцкай у Менску.

«Але каб яны не гралі расейскі рок, спасі Божа. Лепш »Тры чарапахi« – вось тады я вазьму і здыму відэа на смартфон. Але я раблю гэта кожныя выходныя, навошта мне Дзень Незалежнасці? У гэтыя даты я проста зʼеду з гораду, дзе разуменне нацыянальнага свята, на жаль, адрозніваецца ад майго. Зрабіце ўвесь цэнтр гораду пешым, дазвольце без усякіх узгадненняў гандляваць пернікамі, карцінамі, лялькамі і яблыкамі ў карамелі. Прэч парад, няхай навакол проста гучыць музыка, ракой льецца крафтавы сідр, і прыгожыя модныя маладзёны ўсміхаюцца насустрач – вось тады я буду ведаць, што Дзень Незалежнасці трэба святкаваць дома», – кажа Саша Раманава.

Размаўляла Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары