Калі мы даведаемся, што Лукашэнка паабяцаў Пуціну?


Доўгачаканай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Пецярбургу не перашкодзіў нават тэракт. Пра балючыя пытанні, якіх паміж Беларуссю і Расеяй назбіралася ўжо процьма, кіраўнікі дзяржаваў размаўлялі больш за пяць гадзінаў. Што прывёз кіраўнік Беларусі з усходу і што ахвяраваў узамен?

Беларуска-расейскія адносіны дайшлі да таго ўзроўню калі без сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў не вырашаецца ніводнае пытанне.

«Мы дамовіліся, што ўрэгулюем усе нашыя спрэчныя нафтагазавыя пытанні. Мы не дамовіліся, а нават іх урэгулявалі», – заявіў нядаўна Уладзімір Пуцін.

На працягу некалькіх год плануецца стварэнне сумеснага беларуска-расейскага энергетычнага рынку, але гэта пакуль толькі планы. Усцяж не вядома колькі будзе каштаваць расейскі газ для Беларусі ў бліжэйшай будучыні. Адзіная канкрэтыка, гэта тое, што Аляксандр Лукашэнка прызнаў усё ж такі доўг за расейскую сыравіну, але сплочваць яго будзе расейскімі грашыма.

Беларускі эканаміст Леў Марголін лічыць, менавіта гэта было галоўнай мэтай паездкі Лукашэнкі ў Расею:

«Мэтай Лукашэнкі быў крэдыт, які б напэўна ён не атрымаў. Мы памятаем, што Пуцін увесь час яго перанакіроўваў на ЕўрАзЭС, на антыкрызісны фонд. А тут атрымоўваецца, што будзе крэдыт менавіта з Расеі і ён у любым выпадку будзе больш таннейшым, чым любыя крэдыты, якія можна атрымаць на фінансавым рынку. З гэтага пункту гледжання перамог Лукашэнка».

Што Лукашэнка паабяцаў Маскве

Лукашэнка падказвае, што размаўляў з Пуціным не толькі пра нафту і газ:

«Не з нафтагазавых пытанняў мы пачалі размову. Мы сапраўды асноўную ўвагу прысвяцілі даўно запланаванаму пытанню бяспекі нашых дзяржаваў. Я не буду тут нічога канкрэтызаваць, вы бачыце што адбываецца навокал».

Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе міжнародны тэрарызм, а магчыма прысутнасць сілаў НАТА ў суседніх краінах Усходняй Еўропы, пра якую апошнім часам беларускі кіраўнік часта ўзгадваў. Словы Лукашэнкі паспрабаваў патлумачыць беларускі аналітык Павал Усаў, які лічыць, што для чарговага атрымання расейскіх крэдытаў супольных вучэнняў можа быць мала.

«Беларусь не мае нічога, каб запрапанаваць Расеі акрамя двух ключавых пытанняў, якія і так стаялі на працягу апошніх гадоў. Гэта размяшчэнне вайсковай базы, якая не мае вялікага стратэгічнага значэння для Расеі, але якая сімвалізавала б тое, што Расея паставіла сваю нагу на Беларусі. Другі момант гэта безумоўна прыватызацыя, на якую разлічвалі расейскія прадпрымальнікі і так званыя лагеры лібералаў», – мяркуе Павел Усаў.

А гэта азначае, што Беларусь усё больш становіцца залежнай ад усходняй суседкі. Залежнай становіцца і замежная палітыка нашай краіны, ад імя якой Лукашэнка просіць гаварыць Пуціну на міжнароднай арэне.

«Я прасіў Уладзіміра Уладзіміравіча каб ён не забываў пра Беларусь у кантактах з вялікімі краінамі. Перад ім сустрэчы ў «дваццатцы». Я атрымаў пацверджанне гэтай падтрымкі на ўсіх форумах, так як ён рабіў гэта і раней», – патлумачыў Лукашэнка.

А вось як гэта каментуе Павел Усаў:

«Гэта сведчыць пра тое, што Беларусь ужо нават у фармальным сэнсе губляе сваю міжнародную субʼектнасць. Калі кіраўнік дзяржавы схіляецца галавой у бок кіраўніка іншай дзяржавы, у якой імперскія амбіцыі ў дачыненні да Беларусі».

Глядзіце таксама:

Схіляецца на працягу ўжо больш за дваццаць год. Расейскія аналітыкі падлічылі, што за гэты час Менск атрымаў ад Масквы больш за $ 100 млрд. Гэта зніжкі на газ, нафту, крэдыты і розныя датацыі.

«Гэтыя грошы былі праедзеныя. Яны пайшлі на падтрымку неэфектыўных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, шмат якіх трэба было закрыць яшчэ 20 год таму. Залежнасць ад Расеі амаль што татальная», – адзначае Леў Марголін.

Ці можна дваццаць год праядаць расейскія мільярды і захаваць незалежнасць

Падчас сустрэчы ў Пецярбургу Пуцін і Лукашэнка некалькі разоў прыгадалі пра супрацу ў рамках Саюзнай Дзяржавы. Аб прагрэсе інтэграцыі крытычна выказаўся і прадстаўнік Масквы ў Менску, амбасадар РФ Аляксандр Сурыкаў:

«Суверэннымі нашыя дзяржавы сталі нядаўна. Краіны баяцца згубіць гэты суверэнітэт і таму гэта не дазваляе развівацца Саюзнай Дзяржаве. Дамова ёсць, але да развіцця і юрыдычнага афармлення не дайшло, каб Саюзная Дзяржава стала субʼектам міжнароднага права».

Хваля рэпрэсіяў у Беларусі і арышты апазіцыі пацвердзілі, што Аляксандр Лукашэнка расчараваны пацяпленнем стасункаў з Захадам. Рэформаў рэжым баіцца, а без іх не будзе заходняй фінансавай падтрымкі. Беларускі кіраўнік адмовіўся ехаць у Злучаныя штаты на святкаванне ўступлення ЗША ў Першую сусветную вайну, а паездкай у Піцер чарговы раз пацвердзіў сваю адданасць Расеі. А што ён гэтым разам расейцам аддаў, мы паступова можам даведацца да вучэнняў «Захад-2017».

Руслан Шошын, belsat.eu


Чаму Расея павялічыць свой уплыў на Асада? Чым падобныя Лукашэнка і Пуцін? Як павысіць свае шанцы выжыць падчас тэракту? Рэвалюцыі ў суседзяў – урокі для беларусаў.

Глядзіце ў найноўшым выданні тэлечасопісу «Прасвет»

Глядзі таксама
Каментары