«Калі ідэолаг не забяспечваў план па падпісцы на газеты, то з яго бралі грошы»


Мянчукі пра прымусовую падпіску

Як бюджэтнікаў прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданні.

У верасні ў інтэрнэт патрапіў ліст падпісаны намеснікам старшыні Лідскага райвыканкаму Віктарам Пранюком, у якім чыноўнік абавязвае арганізаваць «добраахвотную падпіску» на дзяржаўныя выданні. Прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі звярнуўся ў Лідскі райвыканкам з запытам: ці законныя былі дзеянні чыноўнікаў?

Колькасць выпісаных выданняў, паводле загаду чыноўніка, павінна складаць не менш за 50 % ад колькасці працаўнікоў прадпрыемства. Звычайна ў падобных выпадках прадстаўнікі ўладаў абвяргаюць факты сваёй падпісной актыўнасці.

Аднак старшыня Лідскага райвыканкаму Міхаіл Карповіч у адказ на зварот Барыса Гарэцкага не стаў адмаўляць ужывання адмінрэсурсу. Свае дзеянні патлумачыў наступным чынам:

«У сувязі з тым, што інфармацыя па пытаннях правядзення адзіных дзён інфармавання насельніцтва да чальцоў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп публікуецца ў медыях, а грамадзяне працягваюць уздымаць адны і тыя ж пытанні, якія неаднаразова асвятляліся ў рэспубліканскіх, абласных і раённых выданнях, Лідскі раённы выканаўчы камітэт звярнуў увагу кіраўнікоў на неабходнасць актывізацыі падпісной кампаніі ў працоўных калектывах.

Арганізацыя падпісной кампаніі спрыяе правядзенню інфармацыйнай работы з насельніцтвам на больш высокім узроўні», – гаворыцца ў адказе.

А вось што пра гэта думае Барыс Гарэцкі:

«Зараз у нас у планах звярнуцца ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці з просьбай правесці праверку.

Чыноўнікі ў лісце самі напісалі, што ніякіх патрабаванняў адносна неабходнасці падпісвацца на дзяржаўныя выданні ў заканадаўстве няма. Таму, на наш погляд, чыноўнікі абсалютна незаконна прымушаюць людзей падпісвацца на дзяржаўныя выданні, парушаючы роўнасць эканамічных умоў у сферы медыяў».

Праграма «Сведкі» пра незалежны друк у Беларусі

Прадстаўнік БАЖ кажа, што людзям не варта баяцца. А калі прымушаюць падпісвацца на нейкае выданне – пісаць скаргі. Тады ў наступны раз чыноўнікі могуць шмат разоў падумаць перад тым, як навязваць падпіску, упэўнены Гарэцкі.

Няма падпіскі – ідэолаг заплаціць

Практыка прымусовых падпісванняў у Беларусі існуе даўно. Анатоль, былы супрацоўнік, адной з дзяржаўных газет распавядае, як гэтая схема працавала ў Берасці:

«Раз у квартал намеснік старшыні гарвыканкаму збірае кіраўнікоў найбуйнейшых прадпрыемстваў гораду, кіраўнікоў аддзелаў адукацыі і рэдактараў дзяржаўных газет. Яны даюць справаздачу аб правядзенні падпісной кампаніі. Перад кожным ідэолагам стаіць задача забяспечыць падпіску скажам на 100 асобнікаў «Сответской Белоруссии», 50 «Брестского Вестника» і 30 «Звязды». Ведаю, што былі выпадкі, калі ідэолагі, што не справіліся з заданнем, аплочвалі падпіску нават з уласнай кішэні».

Паводле суразмоўцы, на нарадах, на якіх яму ўдалося ўзяць удзел, план па падпісцы выконваўся на 100 %.

Чытайце таксама >>> 110 гадоў беларускай прэсе. «Наша доля» святкуе юбілей

Прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданні па ўсім дзяржсектары. Да прыкладу, вайскоўцаў-кантрактнікаў прымушаюць выпісваць «Во Славу Родины».

«У нас у войску з гэтым строга, таму прасцей выпісаць, заплаціўшы 32 рублі за паўгода. Тут нават ніхто не спрабуе гэта аспрэчваць», – заўважае вайсковец.

Часта падпісвацца на дзяржаўныя выданні прымушаюць настаўнікаў і бацькоў навучэнцаў. Маці трох дзяцей Людміла Далгова распавядае:

«Бацькам рэгулярна прапануюць удзельнічаць у падпісцы. Я з гэтым згодная, не заўсёды прынясеш ноўтбук у клас, каб зачытаць і абмеркаваць навіны. Газеты захоўваюцца ў класе, можна прагледзець у любы зручны момант.

Але што нам прапануюць выпісаць, выклікае прэтэнзіі. «Брестский Вестник» альбо «Юный спасатель» Напрыклад, апошняе выданне – нядрэнная газетка для дзяцей 8-10 гадоў, але не для вучняў 11-га класу».

«Брестский Вестник» таксама не вельмі пасуе школьнікам.

Жанчына кажа, што настаўнікі разумеюць прэтэнзіі, але нічога не могуць зрабіць. Самі ж педагогі наракаюць на тое, што іх прымушаюць выпісваць газету «Настаўніцкая» і набываць латарэйныя квіткі.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў