«Калі хтосьці адзін ажаніўся, можа і застаўся», – Сурыкаў пра расейскія войскі ў Беларусі


Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў адказаў жартам на просьбу пракаментаваць заяву кіраўніка Генштаба Украіны Віктара Мужэнка пра тое, што некаторыя расейскія падраздзялення пасля «Захаду-2017» засталіся ў Беларусі. «Калі хтосьці адзін ажаніўся, можа і застаўся», – заявіў дыпламат.

Сурыкаў наогул заклікаў спакойна ставіцца да вайсковых вучэнняў.

«Войскі ёсць у Еўропе і ЗША. І войскі не могуць жыць у бяздзейнасці. Гэтыя вучэнні – звычайная трэніроўка, як у спартсменаў», – лічыць амбасадар.

Нагадаем, на мінулым тыдні начальнік Генштаба Украіны Віктар Мужэнка заявіў, што некаторыя расейскія падраздзялення пасля «Захаду-2017» засталіся ў Беларусі. Паводле ўкраінскага генерала, Расея вывела з Беларусі толькі некалькі падраздзяленняў і схлусіла пра тое, колькі яе вайскоўцаў было там першапачаткова.

У расейскім Мінабароны сцвярджаюць, што ўсе войскі, якія ўдзельнічалі ў беларуска-расейскіх стратэгічных вучэннях «Захад-2017», вярнуліся ў месцы пастаяннай дыслакацыі.

ІІ, belsat.eu; паводле tut.by

Стужка навінаў