«Калі хлопчык уцёк сам, то яшчэ ёсць надзея знайсці яго жывым»,– пашукавікі пра Максіма Мархалюка


Пошукі 10-гадовага Максіма Мархалюка з вёскі Новы Двор на Гарадзеншчыне трываюць ўжо 13 дзён.

За гэты час валанцёры, ратавальнікі МНС і міліцыя прачасалі вялікі ўчастак ляснога масіву ў Белавежскай пушчы, аднак не знайшлі ніякіх слядоў хлопчыка, акрамя кінутага ля дарогі ровара. Надзея не пакідае людзей, нягледзячы на песімістычныя прагнозы і шматлікія чуткі, што імкліва распаўсюджваюцца ў сацсетках.

«Больш людзей прыязджае дапамагаць на выходных, пасля, натуральна, яны вяртаюцца на працу. Цяпер хлопчыка шукаюць прыкладна 100 нашых спецыялістаў і добраахвотнікаў. Наконт сілавых структураў не магу дакладна сказаць – інфармацыі пра спыненне пошукаў ад МНС не паступала», – распавёў belsat.eu кіраўнік гарадзенскага пашукова-выратавальнага атраду «Цэнтрспас» Аляксандр Крыцкі.

27 верасня ў адной з суполак, прысвечаных пошукам Максіма, зʼявіўся аўдыёзапіс размовы з жыхаркай вёскі Новы Двор. Спадарыня сталага веку кажа, што бачыла «падобнага хлопчыка» раніцаю таго ж дня на ўскраіне вёскі. Паводле яе слоў, той выглядаў стомленым, але не прасіў дапамогі. У выніку, жанчына не наважылася падыйсці да хлопчыка і пайшла дахаты, каб «спраўдзіць у навінах», ці гэта быў ён.

«Мы ведаем пра гэты запіс, але верыць усім чуткам, якія сыходзяць ад мясцовых, не варта. Бо чутак вельмі шмат, а мы так ці інакш абавязаныя правяраць кожную версію. Да гэтай жанчыны прыходзілі, гутарылі пашукавікі, абследвалі яе хату – ніякіх зачэпак», – тлумачыць Крыцкі.

Сярод асноўных версій знікнення Максіма – крымінальная (хаця міліцыя сцвярджае, што выразных падстаў для яе няма), напад жывёлаў, верагоднасць, што дзіця заблукала ў лесе або ўцякло свядома.

«Калі Максім уцёк з дому сам, то гэта значна павышае шанец знайсці яго жывым, ёсць надзея. Бо, блукаючы ў лесе, дзіця амаль два тыдні наўрад ці можа пратрымацца… А калі гэта планавалася ім свядома – значыць, недзе ў яго ёсць дастаткова ежы», – разважае кіраўнік «Цэнтрспасу».

Ён таксама адзначыў, што сваякі Максіма прымаюць актыўны ўдзел у пошуку. Акрамя таго, з імі працуюць прадстаўнікі Следчага камітэту ў межах распачатай 26 верасня крымінальнай справы.

Паводле слоў Аляксандра Крыцкага, пашукавікі пазначаюць участкі лесу, якія ўжо праверылі і рухаюцца далей. Яны працаваць у пушчы і ў бліжэйшых вёсках ды хутарах і па-ранейшаму заклікаюць усіх неабыякавых падключацца да пошукавай аперацыі па ўсёй краіне.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў