Затрыманай апазіцыянерцы пагражаюць у Таджыкістане 20 гадоў турмы, калі Беларусь яе вышле


Грамадзянка Таджыкістану Шабнам Худайдодава, якую затрымалі ў Берасці, уваходзіць у эмігранцкае аб’яднанне таджыкскай апазіцыі «Група 24», паведаміла ў сваім блогу прэзідэнтка асацыяцыі «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» Надзея Атаева.

Памежнікі затрымалі жанчыну на станцыі Берасце-Усходняе падчас правядзення памежнага кантролю асоб, якія збіраліся выехаць цягніком у Польшчу, паведамляў БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Берасцейскай памежнай групы.

Для далейшага разбору 29-гадовую грамадзянку Таджыкістану, якая знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку за нібыта экстрэмісцкую дзейнасць на тэрыторыі сваёй краіны, перадалі супрацоўнікам Берасцейскага аддзелу ўнутраных спраў на транспарце.

У той жа час Атаева паведамляе, што Худайдодаву затрымалі 15 чэрвеня пры перасячэнні расейска-беларускай мяжы. Апошнія гады Худайдодава жыла ў Расеі.

«Шабнам Худайдодава была абвешчаная ў вышук пасля высылкі з Расеі Максуда Ібрагімава, лідара і заснавальніка арганізацыі «Моладзь Таджыкістану за адраджэнне Таджыкістану», аднаго з кіраўнікоў кааліцыі апазіцыйных сіл «Новы Таджыкістан», у якую ўваходзіць «Група 24», – піша Атаева. – 20 студзеня ён прапаў у Маскве і неўзабаве стала вядома, што ён у Таджыкістане. Пра яго месцазнаходжанне дагэтуль мала вядома. У студзені 2015 года ў доме Шабнам Худайдодавай быў праведзены вобшук, дапытвалі ейную маці і ўсіх, з кім яна падтрымлівала зносіны ў Таджыкістане».

У кастрычніку 2014 года Таджыкістан абвясціў арганізацыю «Групу 24» экстрэмісцкай. «Па шматлікіх прыкметах, гэта палітычна матываваны пераслед апанентаў рэжыму за іх погляды», – падкрэслівае Атаева.

Паводле яе інфармацыі, 12 чэрвеня Худайдодава накіравалася ў Беларусь, каб звярнуцца ў офіс прадстаўніцтва Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў для атрымання статусу ўцекача.

Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» выказала заклапочанасць у сувязі з пагрозай высылкі Худайдодавай у Таджыкістан. «За адкрытае выказванне свайго меркавання ў сацыяльных сетках у Таджыкістане ёй пагражаюць катаванні і пазбаўленне волі да 20 гадоў», – адзначае Атаева.

Асацыяцыя таксама заклікае Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі тэрмінова наведаць Худайдодаву і разгледзець ейную заяву аб наданні ёй статусу бежанца, а ўрад Беларусі – выканаць умову артыкула 3 Канвенцыі ААН супраць катаванняў аб забароне высылкі ў краіну, дзе ўцекачу пагражаюць катаванні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Стужка навінаў