Калі Беларусь адмовіцца ад «Калашнікавых»?


Беларуская армія дагэтуль мае на ўзбраенні ў асноўным тэхніку з савецкіх часоў ці мадэрнізаваныя варыянты гэтай тэхнікі і не мае ўласнай вытворчасці стралковай зброі, танкаў ці самалётаў. У сваю чаргу Расея ўсё больш вядзе да разрыву ваенна-тэхнічнай супрацы з намі. Дык, калі ж Беларусь будзе вымушаная перайсці на новыя ўзоры зброі? І якімі яны будуць?

Спадчына савецкага часу

Беларускі жаўнер дагэтуль узброены савецкімі аўтаматамі Калашнікава розных мадыфікацый, кулямётамі савецкіх калібраў, гранатамётамі РПГ-7, пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі «Страла», пісталетамі Макарава і Сцечкіна.

На падставе публікацыяў у афіцыйнай прэсе ўзбраенне і рыштунак беларускіх механізаваных брыгадаў Сухапутных войск, а таксама брыгадаў Сіл спецыяльных аперацый прыкладна адпавядае ўзроўню развітых краінаў NATO (напрыклад, ЗША) 1990-х гадоў. Найбольш сучасныя ўзоры ўзбраення маюць Сілы спецыяльных аперацый, а ўнутры іх – спецыяльныя падраздзяленні, якія будуць выкарыстоўвацца не ў якасці пяхоты, а для разведвальна-дыверсійных і антыдыверсійных аперацый.

Беларускія жаўнеры ў форме, якая праходзіць выпрабаванні. Крыніца – «Ваяр»

Сярэднестатыстычны беларускі жаўнер мае аўтамат АК-74, не мае індывідуальных сродкаў сувязі, сучасных сродкаў індывідуальнай абароны і сродкаў назірання для вядзення бою ноччу. Ён дагэтуль выкарыстоўвае бронетранспарцёры, баявыя машыны пяхоты і танкі з часоў СССР.

Адзначым пры гэтым, што Беларусь не мае сваёй вытворчасці стралковай пяхотнай зброі, баявых машын пяхоты і танкаў.

У той жа час вакол Беларусі час не стаіць на месцы. Краіны NATO, у тым ліку і суседняя Польшча, а таксама Расея вядуць распрацоўку ды выпрабаванні сучасных комплексаў індывідуальнага рыштунку і ўзбраення жаўнера.

Згодна з сучаснымі канцэпцыямі, кожны жаўнер, які будзе мець непасрэдны кантакт з праціўнікам, павінен атрымаць камплект з уніформы, сродкаў абароны і тэхнічных сродкаў, які заснаваны на апошніх дасягненнях у сферы бронематар’ялаў, навігацыі, сістэмаў начнога бачання, сувязі і нават адсочвання фізічнага і псіхічнага стану жаўнера.

Ужо 15 год таму іракскія жаўнеры, якія былі ўзброеныя і наладаваныя рыштункам прыкладна на ўзроўні сучаснай беларускай арміі, былі ў начным баі практычна безабароннымі перад амерыканскімі пехацінцамі.

Пры гэтым, згодна з рассакрэчаным амерыканскім даследаваннем «Прагноз доўгатэрміновай будучыні стралковай зброі 2022-2042», якое выйшла пад грыфам Дэпартамента Сухапутных войскаў ЗША ў 2013 годзе, развіццё пяхотнага рыштунку і ўзбраення стане толькі больш хуткім і можа зазнаць рэвалюцыйныя перамены.

«Прагноз доўгатэрміновай будучыні стралковай зброі 2022-2042»

Масква хоча заняпаду беларускай арміі?

На гэтым фоне Масква фактычна вядзе курс на згортванне ваенна-тэхнічнай супрацы з Беларуссю. Пры фармальным курсе на ваенны хаўрус з Беларуссю, яна адмовілася паставіць нашай арміі аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр» ды сучасныя супрацьпаветраныя комплексы.

Толькі ў 2016 годзе зʼявілася паведамленне, што Расея паставіць Беларусі супрацьпаветраныя комплексы С-300ПМ. Гэтыя комплексы ўжо больш за 20 год не вырабляюцца для расейскага войска. Перамовы пра пастаўку сучасных комплексаў С-400 пакуль безвыніковыя.

Пасля адмовы ў пастаўцы «Іскандэраў» Беларусь сама ў супрацы з Кітаем распрацавала замену расейскай тэхніцы – высокадакладныя комплексы залпавага агню «Паланэз».

Магчымы выгляд польскай пяхоты ў бліжэйшай будучыні. Распрацоўка Polska Grupa Zbrojeniowa.
Фота: defence24.com

Беларуская армія таксама не можа атрымліваць сучасную расейскую бранятэхніку (напрыклад, танкі Т-72Б3 ці БТР-82А). Тое ж датычыцца і адносна сучасных камплектаў пяхотнага рыштунку, распрацаваных у Расеі.

Праз 10-15 год для Беларусі так ці інакш паўстане пытанне – змірыцца з паступовай няўхільнай дэградацыяй сваёй арміі ці шукаць новых партнёраў?

Цалкам магчыма, што другі варыянт прывядзе да адмовы ад знакамітага савецкага сімвала калібру 7,62 мм незалежна ад сімпатый ці антыпатый беларускага Міністэрства абароны.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў