Калі бацькоў няма дома, 17-гадовы Зміцер перакладае мульцікі на беларускую мову


Чарапашкі Ніндзя цяпер размаўляюць па-беларуску. Вучань 11-га класу адной з менскіх гімназіяў у свой вольны час перакладае з ангельскай і агучвае мультфільм. Belsat.eu пазнаёміўся з маладым аматарам мультыплікацыі.

Зміцер Астроўскі скончыў 10 класаў расейскамоўнай гімназіі ў Менску, але ў жыцці і з сям’ёй размаўляе на беларускай мове, удзельнічае ў моўных алімпіядах. Праз год ён плануе паступаць у БДЭУ і стаць не айцішнікам, а банкірам.

«Зараз усе ідуць у ІТ, а трэба думаць пра будучыню. Хутка айцішнікаў стане занадта шмат. А грошы будуць існаваць заўсёды».

У вольны ад заняткаў час ён перакладае мультфільм «Чарапашкі Ніндзя» на беларускую мову. Зміцер называе свой праект «Kanapa Project» і выкладае перакладзеныя серыі ў суполку праекту ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», а таксама на іншыя платформы ў Інтэрнэце. Гэта безліцэнзійная версія перакладу, аматарская і безкаштоўная.

«Мы піраты, – кажа шчыра Зміцер.– Нас пастаянна выдаляюць з розных платформаў».

На пытанне, ці не хацеў бы займацца прафесійнай агучкай з выкарыстаннем аўтарскага права, адказвае, што гэта не тая мэта, якой ён намагаецца дасягнуць.

«Ліцэнзія азначае, што потым гэтую агучку трэба будзе прадаваць нейкім чынам, на дысках або ў кінатэатрах. Тады гэта ўжо перастане быць даступна для ўсіх. Я лічу, што гэта абмяжуе доступ, не ўсе гатовыя плаціць грошы за адзін мульцік. На маю думку, пакуль мне 17 гадоў, я не хачу на гэтым зарабляць, а проста рабіць усё для людзей. Проста заходзіш у суполку – і бясплатна глядзі, паказвай дзецям»

Зміцер Астроўскі пачаў перакладаць мультфільм у 2015 годзе. Сам-насам, ён сядзеў за кампʼютарам з мікрафонам і слоўнікам, перакладаў і запісваў рэплікі герояў. Мантаваў. Выклаў у сеціва першую серыю. Жаночую ролю ў мультфільме яму дапамагла агучыць мама. Пазней на нейкі час Зміцер прыпыніўся і толькі гэтым летам аднавіў свой праект. На сёння ён агучыў ужо чатыры серыі і абяцае працягваць.

«Я атрымаў шмат падзякаў і станоўчых каментароў, і гэта вельмі дапамагае. Калі б не каментары, я б наўрад ці зайшоў далей за першую серыю. Але гэта вельмі натхняе, з’яўляецца жаданне рабіць далей».

Пасля выхаду першай серыі ў Змітра з’явіліся і валанцёры-паплечнікі. Зараз з перакладам яму дапамагае прафесійны перакладчык Леў Глушыцкі, з агучкай – валанцёр Павал Клёк, падтрымліваюць праект Аляксандр Шумскі і Міхаіл Каралевіч.

«Чаму Чарапашкі Ніндзя? Я іх люблю, гэта ў мяне з дзяцінства. Я лічу, што гэта дзіцячы мульцік, які можна глядзець цэлай сям’ёй. Тыя праекты, што існуюць зараз па перакладзе на беларускую мову, – гэта дарослыя, поўнаметражныя фільмы. А для дзяцей была свінка Пепа ды ўсё. Але ж беларускамоўныя дзеці павінны яшчэ нешта глядзець».

Зараз «Чарапашак» агучваюць ужо чатыры галасы. Усё абсталяванне, што ёсць у Змітра – гэта мікрафон і кампʼютар. У планах адзіннаццацікласніка – перакласці хаця б адзін цэлы сезон «Чарапашак ніндзя», калі будзе атрымлівацца выдаткоўваць на гэта час ад вучобы.

«Складанасць ёсць таксама з часам. Бо я жыву з бацькамі, а калі яны дома, то гэта і шум, і мне нязручна. Я лічу, што працэс агучкі павінен быць інтымным, таму што дзесьці я саромеюся, мне патрэбна крыўляцца, мяняць голас для розных персанажаў. Таму, перад тым як запісваць, я чакаю, каб нікога не было доўгі час дома, закрываю ўсе вокны, дзверы, каб не было ніякага шуму».

Трэцюю серыю «Чарапашак Ніндзя», што выклаў Зміцер улетку, агулам праглядзела каля 300 асобаў. Праглядаў публікацыі з серыяй у суполцы «Kanapa Project» – болей за 5 тысячаў праглядаў, дзякуючы шматлікім перапостам.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў