Сёння на станцыі Верайцы пачалася пагрузка бронетэхнікі Кантэміраўскай дывізіі 1-й танкавай арміі, што ўдзельнічала ў вучэннях «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Расейскія вайскоўцы вяртаюцца дадому.
Пагрузка, якая пачалася яшчэ ў першай палове дня 20 верасня, адбываецца ля пасажырскай станцыі на вачах мясцовых жыхароў. Тэхніку таксама добра бачна і з электрычак, што курсуюць паміж Асіповічамі і Менскам.
«Усіх ворагаў перамаглі – вось і зʼязджаем», – жартуе расейскі капітан, якога мы сустракаем у краме ля станцыі.
Патруль беларускай камендатуры тлумачыць нам: тыя падраздзяленні, баявая задача якіх ужо была выканана, пачалі пагрузку сёння, яшчэ да афіцыйнага завяршэння манеўраў. Але частка расейскіх вайскоўцаў пакуль застаецца на палігоне.
20 верасня ў Верайцах грузіцца Ямпольскі мотастралковы полк Кантэміраўскай дывізіі – байцы з адпаведнымі нашыўкамі нясуць варту з абодвух бакоў чыгункі.
«Жылі мы тут у намётах, побач з палігонам. Шмат нас было. А цяпер вось вяртаемся… Вучэнні прайшлі паспяхова», – распавядае шараговец Ямпольскага палку Андрэй.
Наш суразмоўца – кантрактнік, служыць у войску 1,5 гады. Нарадзіўся ён ва ўкраінскім Днепрапятроўску (цяпер – Днепр), але пражыў усе жыццё ў Расеі. Андрэй упэўнены: Расея – наймагутнейшая краіна ў свеце.
«Калі б мы хацелі вас акупаваць – мы б акупавалі і вы нават не зразумелі б нічога. Проста хадзілі б потым і афігевалі, што сталі расейцамі. Як мы з Крымам зрабілі… Расея – вялікая дзяржава. Яе ніхто ніколі не пераможа», – кажа Андрэй.
Тым часам кіроўца таксоўкі, што падвозіў нас да Верайцоў, прыгадвае:
«Днямі расейцы ўтапілі танк у вадаёме – грыбнікі фатаграфавалі ды смяяліся. А ўвогуле, стралялі яны і па-за межамі палігона. Проста ля дарогі можна было пабачыць, як страляюць», – кажа ён.
Нагадаем, 20 верасня – фінальны дзень сумесных стратэгічных манеўраў «Захад-2017». Цяпер, паводле інфармацыі Мінабароны, цягам дзесяці дзён расейскія войскі мусяць пакінуць тэрыторыю Беларусі, а беларускія – вярнуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі.
Сёлета да вучэнняў «Захад-2017» была прыкаваная асаблівая ўвага міжнароднай супольнасці. Беларускі бок акрэдытаваў назіральнікаў з 5 краін НАТА і Украіны, а таксама 280 журналістаў.
На брыфінгах прадстаўнікі Мінабароны неаднаразова падкрэслівалі празрыстасць усіх мерапрыемстваў, звязаных з «Захадам-2017». Разам з тым, на адмыслова створаным сайце, акрамя колькасці вайскоўцаў (12700 чалавек) не паведамляліся важныя дэталі.
Напрыклад, не была апублікаваная інфармацыя пра канкрэтныя падраздзяленні 1-й танкавай арміі, што бралі ўдзел у манеўрах, не ўдакладнялася, на які аэрадром прыбывала расейская авіяцыя.
Belsat.eu будзе сачыць за сітуацыяй вакол вываду расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі.
Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева; belsat.eu