Калейдаскоп прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзідэнты


Сапраўдны калейдаскоп прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкай гонцы! Яшчэ адразу тры чалавекі заявілі пра гэткі намер сёння. Гэта арганізатар мядовых кірмашоў Юрый Радзькоў, прадпрымальнік з Менску Уладзіслаў Цітовіч і эканаміст Віктар Цярэшчанка. Для апошняга гэта будзе ўжо чацвёртая прэзідэнцкая гонка. У час мінулай кампаніі Цярэшчанка апынуўся адзіным акрамя Лукашэнкі кандыдатам, які не патрапіў за краты.

Сёння ж фармальна вырваўся наперад адзін з заяўленых раней прэтэндэнтаў – старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, які першым падаў у Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Таксама неаднаразовы ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі, Гайдукевіч заяўляе пра дзве з паловаю тысячы чалавек у сваіх шэрагах. Цікава, што ў папярэдні раз ініцыятыўная група лідара ЛДПБ была ў 4 разы большая.

Меншую колькасць чальцоў ініцыятыўнай групы варта чакаць і ад лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. За два дні да крайняга тэрміну рэгістрацыі групаў у ЦВК, да старшыні АГП далучыліся каля шасцісот чалавек. Лябедзька тлумачыць: возьмем не колькасцю, а якасцю!

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«Гэта наш першы досвед, калі мы набіраем групу валанцёраў. Мы ведаем, як сабраць 127 тысяч за грошы. Але мы сказалі людзям: мы не будзем плаціць прынцыпова за подпісы! Гэта ваш унёсак, гэта вашая пазіцыя, вашыя прынцыпы!»

Ужо мае больш за тысячу чалавек, аднак намагаецца і надалей пашыраць сваю ініцыятыўную групу кампанія «Гавары праўду», прэтэндэнтка ад якой Таццяна Караткевіч цяпер ездзіць па рэгіёнах. У штабе Караткевіч цвердзяць: планавалі рабіць тое, чаго раней ніхто не рабіў – набіраць ахвотнікаў у групу ў час вулічных акцыяў. Аднак сутыкнуліся з супрацьдзеяннем уладаў.

АНДРЭЙ ДЗМІТРЫЕЎ, КІРАЎНІК КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:

«Мы падавалі па ўсёй краіне, падавалі больш за 40 пікетаў – паўсюль у нас ёсць адмовы. Адмовы фармальныя: знаходзяць розныя нагоды! Нібыта нешта там не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах, але мы лічым, што гэта, безумоўна, палітычны чыннік».

Пры гэтым і Анатоль Лябедзька, і Таццяна Караткевіч і самыя ўступілі ў ініцыятыўную групу яшчэ аднаго прэтэндэнта – лідара «Народнай Грамады» Міколы Статкевіча – на знак салідарнасці з экс-кандыдатам на прэзідэнцтва, які дагэтуль знаходзіцца за кратамі яшчэ з мінулых выбараў. Штопраўда, адмовіцца ад удзелу ў гонцы на карысць палітвязня катэгарычна не пагадзіліся.

І навіны яшчэ ад аднаго прэтэндэнта на прэзідэнцтва. Вылучэнец Партыі зялёных Юры Шульган, які пазіцыянуе сябе як кандыдата-дармаеда, нарэшце, атрымаў… пашпарт. Цяпер жа яго ініцыятыўная група за галаўны боль мае не пікеты ды сустрэчы з электаратам, а афармленне рэгістрацыі месца пражывання, якая адсутнічае ў дакуменце.

Валер Руселік, belsat.eu

Стужка навінаў