Кадыраў: Ворагі народу маюць патрэбу ў псіхіятрычным лячэнні


Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў, што, кажучы пра «ворагаў народа», не меў на ўвазе расейскую «законную апазіцыю, якая падымае сацыяльныя, эканамічныя праблемы, пытанні ЖКГ ды іншыя».

Гаворка ішла пра тых, хто палівае брудам і паклёпнічае на Расею, растлумачыў Кадыраў.

«Яны пагражаюць Расеі, ездзяць у ЗША, сталіцы краін Еўропы, падказваюць, якія ўвесці санкцыі, каб падарваць эканоміку, бяспеку, стабільнасць Расеі. Таксама пагражаюць за 30 секунд вярнуць Крым. Незразумела куды! Менавіта іх ды іхных паслугачоў ўнутры краіны я меў на ўвазе, кажучы аб прыцягненні да адказнасці пазасістэмнай апазіцыі», – напісаў чачэнскі лідар у сацыяльнай сетцы «Інстаграм».

Раней словы Рамзана Кадырава пра тое, што несістэмную апазіцыю варта лічыць ворагамі народу і «судзіць па ўсёй строгасці за падрыўную дзейнасць», выклікалі рэзкую крытыку з боку шмат якіх расейскіх палітыкаў і праваабаронцаў.

У панядзелак дэпутат заканадаўчага сходу Санкт-Петербургу Максім Рэзнік запатрабаваў праверыць словы кіраўніка Чачэніі на наяўнасць экстрэмізму.

У апошнім сваім запісе ў «Інстаграме» Кадыраў падкрэсліў, што нікому не пагражаў, але пры гэтым заўважыў: «Калі ж яны ўспрынялі маё меркаванне як пагрозу, значыць разумеюць, што мы за Расею, за нашую з вамі Айчыну гінулі і гатовыя на ўсё, каб абараніць нашую Радзіму».

Кіраўнік Чачэніі таксама выказаў здагадку, што «людзі, якія атрымліваюць падачкі з Захаду» – псіхічнахворыя, і выказаў гатоўнасць падаць «тым, хто шкодзіць Расеі, годныя палаты і дасведчаных лекараў».

«А спецыялісты сцвярджаюць, што нават па фотаздымках гэтай купкі асобаў відаць, што яны рэальна маюць патрэбу ў тэрміновым лячэнні і рэабілітацыі», – напісаў Рамзан Кадыраў.

Праваабаронцы вінавацяць Рамзана Кадырава ў сістэматычных парушэннях правоў чалавека, перадусім у забойствах, катаваннях і выкраданнях. Выканаўцамі гэтых злачынстваў называюць «кадыраўцаў» – былых баевікоў, якія ўвайшлі ў склад праваахоўных сіл Чачэніі. Некаторыя крытыкі заяўлялі, што Кадыраў асабіста прымаў удзел у катаваннях і забойствах. Кадыраў абвяргае гэтыя абвінавачванні і папракае праваабаронцаў у неабʼектыўнасці і працы ў інтарэсах замежных спонсараў. Паводле некаторых праваабаронцаў, Рамзан Кадыраў можа быць замешаны ў забойства расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў