Кадыраў загадаў страляць па расейцах. МУС абураецца


Прэзідэнт Чачэніі дазволіў сваім сілавікам забіваць «федэралаў».

«Я афіцыйна заяўляю, калі без вашага ведама на вашай тэрыторыі з’яўляецца, не мае значэння, масквіч ці стаўрапальчанін, адкрыць агонь на знішчэнне – распарадзіўся Рамзан Кадыраў падчас нарады сілавікоў. – З намі павінны лічыцца. Хопіць. Нас прыніжалі, абражалі. Мы не дзеля гэтага прымалі канстытуцыю, каб нас забівалі», – прыгразіў Кадыраў.

Нагодай для заявы стала спецаперацыя, праведзеная 19 красавіка ў Чачэніі стаўрапольскай паліцыяй і аператыўнай групай з Ханкалы. Падчас аперацыі быў забіты Джамбулат Дадаеў. Расейскія медыі паведамляюць, што гэта можа быць родны Заура Дадаева, якога вінавацяць у забойстве апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова.

Кадыраў абурыўся тым, што правядзенне спецаперацыі не ўзгаднілі з чачэнскімі сілавікамі.

«У нядзелю, у цэнтры Грознага адбыўся матч паміж камандамі «Церэк» і «Дынама Масква». У горадзе былі сотні турыстаў з іншых рэгіёнаў Расеі, дэлегацыі з розных краінаў. І ў гэты час гучалі стрэлы», – напісаў Кадыраў у сваім «Instagram».

Гэта не першы доказ ўзрастаючага канфлікту Кадырава і яго сілавікоў з прадстаўнікамі расейскіх сілавых структураў. Былому палявому камандзіру, які выхваляўся тым, што забіў свайго першага расейца ва ўзросце 16 гадоў, Крэмль цягам многіх гадоў фактычна плаціць даніну. Датацыі, якія ідуць у Чачэнію маюць забяспечыць мір на Каўказе, а яго гарантам пасля смерці свайго бацькі стаў менавіта Рамзан Кадыраў.

Любімчык Пуціна і маўчанне Крамля

Дэспатычны стыль кіравання чачэнскага лідара сапраўды запэўніў адносны мір, але і ўмацаваў веру Кадырава, што для Крамля ён незамянімы. І па ўсёй верагоднасці так яно і ёсць. Калі раней ён быў валадаром толькі ў Чачэніі, то цяпер прэтэндуе на ролю рэгіянальнага лідара і куды больш свабодна пачуваецца ў Маскве, дзе паводзіць сябе як любімчык Уладзіміра Пуціна.

Паводле адной з версіяў, галаварэзы Кадырава забілі Барыса Нямцова. Пра забойства не ведалі федэральныя спецслужбы, што павінна было вывесці з сябе вярхушку ФСБ. У адказ на самаволку кадыраўцаў адбылося затрыманне на мяжы Чачэніі і Інгушэтыі Заура Дадаева. Аперацыю правялі не чачэнскія спецслужбы, а супрацоўнікі Федэральнай службы па кантролі за абаротам наркотыкамі (ФСКН).

Кадыраў сцярпеў гэтую аплявуху і прыніжэньне, але не ўстрымаўся і пахваліў сваім «Instagram» меркаванага забойцу Нямцова. Дадаева, былога намесніка камандзіра чачэнскага батальёну «Север» ён назваў добрым мусульманінам і рускім патрыётам. Цяпер Кадыраў заклікае іншых «добрых мусульманаў і патрыётаў» не задумваючыся страляць па федэралам.

Пасля забойства Нямцова ў Маскве Пуцін уручыў Кадыраву дзяржаўную ўзнагароду. Але ці атрымае Кадыраў узнагароду за падбухторванне да забойства расейцаў у Чачэніі? Пакуль Крэмль робіць выгляд, што нічога не здарылася.

«Першы раз чую пра гэтую заяву», – сказаў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на пытанне журналістаў адносна рэзкіх выказванняў Рамзана Кадырава.

«МУС Расеі лічыць недапушчальным для кіраўніка Чачэнскай рэспублікі казаць аб «адкрыцці агню на знішчэнне» па супрацоўнікам з іншых рэгіёнаў, якія праводзяць спецаперацыі ў рэспубліцы», – гаворыцца ў заяве на сайце МУС РФ.

ЮВ, cez, belsat.eu/rbc.ru,meduza.io

Стужка навінаў