Кадыраў і Тымаці больш не карыстаюцца IPhone


Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі, як і абяцаў, адмовіўся ад iPhone на карысць расейскага смартфона.

«Я раней пісаў, што маю намер адмовіцца ад выкарыстоўвання IPhone. Увесь гэты час я ўрыўкамі вывучаў YotaPhone (расейскі смартфон – Belsat.eu). Сёння прыехаў мой сябар Тымаці – Цімур Юнусаў. Я зрабіў і яму падарунак. Цяпер мы абодва карыстаемся толькі нашым айчынным YotaPhone», – паведаміў Рамзан Кадыраў у сваім блогу ў Instagram.

Кадыраў дадаў, што YotaPhone зручны ў працы і мае прыгожы дызайн, і самае галоўнае, што «гэта расейскі прадукт».

Смартфон YotaPhone 2 чачэнскаму лідару некалькі месяцаў таму падарыла тэлевядучая Ціна Кандэлакі.

Тады Рамзан Кадыраў разам з заклікам пераходзіць да смартфонаў айчыннай вытворчасці прапанаваў расейцам таксама адмовіцца і ад замежных сацсетак.

«Уся Расея «сядзіць» у сацсетках ЗША, спрыяючы росту іх кошту. Наш vkontakte.ru нічым не горшы. Давайце паступова пераходзіць на яго», – агітаваў Кадыраў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў