Кадыраў хоча адмовіцца ад кіраўніцтва Чачэніі і адправіцца ваяваць на Данбас


Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў хоча папрасіць дазволу ў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна сысці са сваёй пасады.

Пра гэта лідар Чачэніі заявіў тэлеканалу НТВ у інтэрвю праграме «Без купюр», каментуючы ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы ўва Украіне і намер украінскіх уладаў аб’явіць яго ў міжнародны вышук.

«Ну, яны (улады Украіны – рэд.) могуць усё, што заўгодна, балбатаць. Я маю намер папрасіць у прэзідэнта (Расеі – рэд.), каб ён мяне, так бы мовіць, адпусціў з гэтай пасады (прэзідэнта Чачэнскай рэспублікі – рэд.), каб выправіцца на Данбас абараняць менавіта тых грамадзянаў, якія сёння ваююць там, каб менавіта такіх, як гэтыя шайтаны, лавіць і знішчаць, таму што ў іх гонару і сумлення няма», – заявіў Кадыраў.

Раней Рамзан Кадыраў даручыў праваахоўным органам РФ затрымаць і даставіць у Чачэнію траіх украінскіх дэпутатаў, якія, па яго словах, публічна падтрымалі тэрарыстаў, якія маюць дачыненне да гібелі ў Грозным 14 сілавікоў. Супраць дэпутатаў у РФ таксама была ўзбуджаная крымінальная справа.

У сваю чаргу Служба бяспекі Украіны распачала справу па факце пагроз кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава ў адрас народных дэпутатаў Юрыя Бэрэзы, Андрэя Левуса і Ігара Масійчука. Апошні, у адказ на распараджэнне Кадырава, публічна расстраляў партрэт кіраўніка Чачэніі і заявіў, што «прыйдзе па яго ў Грозны». Ён таксама сказаў, што збіраецца «дапамагчы нашым братам вызваліць Ічкерыю».

МЯ, belsat.eu, паводле telegraf.by

Стужка навінаў