Кадукі, лазнікі і ваўкалакі! З’явіўся першы беларускі серыял жахаў


Памятаеце, у маленстве самыя страшныя кнігі з беларускімі пачварамі, лесавікамі ды дамавікамі, якія мы нават баяліся адгортваць, каб істоты не скочылі напрост на нас са старонак? Акурат па матывах беларускіх легендаў і паданняў і створаны першы беларускі серыял жахаў на беларускай мове «Заклятыя Скарбы». Рэжысёрам і ідэйным натхняльнікам «Заклятых Скарбаў» стаў малады таленавіты кінематаграфіст Серж Аўсянік.

Аўтарамі сцэнароў да серыялу сталі Зміцер Шкрадзюк, Серж Аўсяннік і літаратарка, сцэнарыстка Валярына Кустава. Цяпер маладыя творцы працуюць над другой серыяй. Фішка і ў тым, што серыі выходзяць сезонамі. На першы сезон запланавана 8 частак, якія, мяркуецца, будуць выкладацца ў сеціва рэгулярна – штомесяц. Плануюцца і наступныя сезоны, калі маладыя кінематаграфісты знойдуць на тое фінансаванне.

Першую серыю аўтары стварылі за свой кошт, самастойна – на ўласнай апантанасці ды ідэі.

«Мы будзем вельмі радыя, калі знойдуцца асобы, што захочуць нас падтрымаць, цяпер мы шукаем сродкі, каб зрабіць нашае кіно яшчэ лепей і якасней, набыць грым, маскі, яшчэ больш крыві, дэкарацыі, графіку, запрашаць цікавых актораў…»

Гэта дэбют у мастацкім кіно для ўсіх сцэнарыстаў і рэжысёра. «Нам хочацца ствараць прагрэсіўнае, цікавае кіно ў новым фармаце, але разам з тым, каб яно было цалкам беларускае, сваё. Чаго толькі каштаваў пошук адпаведных беларускіх лаянак, выкарыстаных у першых серыях…» – усміхаецца Валярына.

Валярына вядомая гледачам «Белсату» па культурніцкай дыскусійнай праграме «Чорным па белым», аздараўляльна-забаўляльным шоў «Фітнес-Шмітнес», а цяпер яна вядзе аўтарскую праграму «Прыват» на «Белсаце», рэжысёрам якой і з’яўляецца Серж Аўсянік. Каманда спрацаваная і добра разумее адзін аднаго. Таксама Серж здымае музычныя кліпы, у тым ліку для Лявона Вольскага.

Галоўныя ролі ў першай серыі «Галаву складзеш» выканалі фронтмэн «Нейра Дзюбеля» Аляксандр Куллінковіч і малады артыст Васіль Бойдак. У серыяле таксама, апроч беларускіх, далі згоды здымацца знаныя ўкраінскія і рускія акторы. Усе яны будуць размаўляць па-беларуску. Персанажы не паўтараюцца. І кожная новая серыя – новае старажытнае паданне, што жыве і ў сучаснай Беларусі, у якой ёсць свае Кадукі, Лазнікі і Ваўкалакі.

Падрабязней пра праект можна пачытаць на skarby.by

Па пытаннях спрыяння можна звяртацца: info@cinemapride.by

СП, адмыслова для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары