«Кадэта, які выклаў фота ў сетку, ужо адлічылі»


Адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрнату распавёў, чым скончылася фотасесія кадэтаў у майках з «Пагоняй».

16 кастрычніка адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрнату выклаў у суполцы «Мая краіна Беларусь» «УКантакце» фота чатырох кадэтаў 3 курсу, якія прадэманстравалі майкі з «Пагоняй».

Здымак разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у медыі.

Карэспандэнт «Салідарнасці» звязаўся з адным з удзельнікаў фатаграфання. Па яго словах, учынак кадэтаў займеў наступствы: навучэнца, які апублікаваў фота, ужо адлічылі. Астатніх рыхтуюцца адлічыць. Кадэт расказаў, што аднакласнікі «стаяць за іх да апошняга».

«Асабіста для мяне «Пагоня» – нашая гісторыя. Мы павінны любіць нашу гісторыю і герб», – патлумачыў навучэнец.

Праверыць інфармацыю пра адлічэнне навучэнцаў у адміністрацыі навучальнай установы пакуль не атрымалася: тэлефоны дырэктара і яго намеснікаў не адказваюць.

Belsat.eu яшчэ раней паразмаўляў з адным з курсантаў, што фігуруе на здымку з «Пагоняй». Юнак прызнаўся, што ў кадэтаў узніклі «праблемы з КДБ». Аднак потым хлопец сказаў, што пажартаваў.

Міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч заяўляў, што адказнасці за выкарыстанне герба «Пагоні» не існуе. І тым не менш на апошнім футбольным матчы Беларусь-Македонія менавіта саколкі з беларускім гербам сталіся падставаю для зачэпак з боку міліцыі, затрыманняў і штрафаў.

МЯ, паводле gazetaby.com

Стужка навінаў