Кадэт, які выклаў фота з Пагоняй ў сеціва, сышоў з вучэльні


Адзін з навучэнцаў Берасцейскай абласной кадэцкай вучэльні ў Ястрамбелі, які раней зведаў ціск за размяшчэнне ў сеціве здымку кадэтаў з Пагоняй, забраў дакументы з навучальнай установы.

У кастрычніку 2015 года ў сацсетцы «УКантакце» з’явіўся здымак кадэтаў, якія надзелі на сябе майкі з Пагоняй. Хлопцаў збіраліся адлічыць з вучэльні, але розгалас у медыях і сацыяльная кампанія перашкодзілі гэтаму.

Аднак адзін з удзельнікаў той акцыі, як высветлілася, усё ж забраў дакументы з Берасцейскай абласной кадэцкай вучэльні ў Ястрамбелі.

«Я сышоў з вучылішча, а астатнія, хто быў на фота, засталіся там», – распавёў Intex-press былы кадэт Мікіта.

Хэштэг #пагоняпобач, пад якім інтэрнаўты выкладвалі ў сеціве свае здымкі з Пагоняй дзеля падтрымання кадэтаў, быў названы «Асамблеяй недзяржаўных арганізацыяў Беларусі» найлепшай кампаніяй салідарнасці краіны ў 2015 годзе.

Даведаўшыся, што «Арт-Сядзіба» хоча перадаць яму ўзнагароду «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», Мікіта падзякаваў «Арт-Сядзібе» і пагадзіўся на сустрэчу. Але пазней ягоныя бацькі выказаліся катэгарычна супраць гэтага.

Маці юнака не хоча, каб Мікіта атрымліваў узнагароду. Са словаў жанчыны, яна не жадае, каб сын нават кантактаваў з медыямі, бо баіцца, што гэта кепска адабецца на лёсе хлопца. Маці папрасіла, каб журналісты больш не турбавалі іхную сям’ю і нават не заходзілі на старонку Мікіты «УКантакце».

МЯ, паводле intex-press.by

Стужка навінаў