Кабзон даспяваўся: новыя санкцыі супраць Расеі набылі моц


Пашыраны з 16 лютага чорны спіс папоўнілі расейскія дэпутаты і чыноўнікі, а таксама жыхары ўсходу Украіны.

Еўразвяз пашырыў санкцыі праз сітуацыю ўва Украіне, улучыўшы ў чорны спіс 19 фізічных і 9 юрыдычных асобаў. Новыя захады апублікаваныя ў «Афіцыйным часопісе Еўрапейскага Звязу» і з сёння набываюць моц.

У пашыраны спіс увайшлі намеснік міністра абароны РФ Анатолій Антонаў, дэпутат Дзяржаўнае думы Іосіф Кабзон, намеснік міністра абароны РФ Аркадзь Бахін, дэпутат Дзяржаўнае думы РФ Валерый Рашкін. У чорны спіс таксама ўлучаныя 14 жыхароў усходу Украіны і 9 арганізацыяў – атрады прарасейскіх сепаратыстаў: Казацкая нацыянальная гвардыя, батальёны «Спарта», «Самалі», «Зара», «Прывід», «Апора», «Кальміюс», «Смерць», грамадскі рух «Наваросія».

«Я вельмі рады, што я ў гэтым спісе. Настрой мне гэтым сапсавалі, канешне. Я збіраўся на лячэнне за мяжу, але што ж, будзем лячыцца тут. Я ганаруся, што апынуўся ў кампаніі людзей, якія неабыякавыя да лёсу Расеі і лёсу маёй радзімы – Данбасу», – пракаментаваў санкцыі Кабзон журналістам ТАСС.

Расейскі МЗС адрэагаваў на новыя абмежавальныя меры, назваўшы іх «недарэчнымі» і папярэдзіў, што яны «супярэчаць здароваму сэнсу і не застануцца без адказу».

Пашырыць чорны спіс пастанавілі на паседжанні Рады міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу 9 лютага ў адказ на напады тэрарыстаў супраць мірных жыхароў Марыупалю напрыканцы студзеня, дзе падчас артылерыйскага абстрэлу загінулі прыблізна 30 асобаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў