Кабякоў у Малдове: «Нам трэба гандляваць як у 2014-м»


Беларускі прэм’ер 2-3 кастрычніка знаходзіцца ў Малдове з афіцыйным візітам.

У нядзелю Андрэй Кабякоў сустрэўся з кіраўніком малдаўскага ўраду Паўлам Філіпам, якому паведаміў пра рост тавараабароту паміж дзвюма краінамі «нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы».

«За сем месяцаў 2016-га абʼём узаемнага гандлю павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам амаль на 10 % і склаў $ 150 млн. Нам трэба замацаваць гэты станоўчы вынік і ставіць перад сабой мэту вярнуцца на ўзровень 2014 года – каля $ 400 млн», – цытуе Кабякова дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА.

Прэмʼеры пагутарылі аб інтэграцыі. Кабякоў нагадаў Філіпу, што Беларусь паважліва ставіцца да выбару Малдовы (маючы на ўвазе, імаверна, актыўны ўдзел Малдовы ўва «Усходнім партнёрстве»), але вырашыў спакусіць малдаўскага калегу ЕўрАзЭСам, нагадаўшы, што Беларусь – заснавальніца гэтай інтэграцыйнай структуры.

«Мяркую, у гэтым плане мы павінныя шукаць не супярэчнасці, а магчымасці і спосабы, з дапамогай якіх у межах інтэграцыйных пераваг можна пашырыць узаемадзеянне паміж краінамі», – дыпламатычна падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Але Філіп толькі падзякаваў Кабякоў за прыезд.

«Такія візіты – лепшы доказ добрых адносін паміж краінамі. Нягледзячы на нядзелю, думаю, што ў нас будзе плённая работа. Добра, што падчас візіту правядзем пасяджэнне Міжурадавай камісіі. Гэта добрая платформа, дзе вырашаюцца многія пытанні, якія нас цікавяць», – сказаў ён.

ДД, belsat.eu; фота: БелТА

Глядзі таксама
Каментары