Кабякоў: Цана на газ для Беларусі павінна быць $ 80, а не $ 142


Несправядліва за беларускія тавары плаціць расейскімі рублямі, а за энерганосьбіты – доларамі, мяркуе прэм’ер Андрэй Кабякоў.

На ягоную думку, цана за расейскі газ для Беларусі павінна складаць $ 80 замест цяперашніх $ 142. Сваё меркаванне прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў тлумачыць ваганнямі курсу расейскага рубля ў стасунку да долара.

«Аб’ём вонкавага гандлю летась у нацыянальных валютах паміж краінамі склаў каля 82 %. Экспарт Беларусі ў Расею практычна на 100 % ідзе ў расейскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расейскіх рублях. Але ўсе энерганосьбіты мы набываем за долары», – адзначыў прэм’ер-міністр Беларусі.

Разлічвацца можна і рублямі, толькі цэны прывязаныя да долара, распавёў Кабякоў. Паводле яго, нягледзячы на сурёзнае аслабленне расейскага рубля ў стасунку да долара, газ для Беларусі амаль не патаннеў.

«Што тычацца прыроднага газу, то яго цана ў пачатку 2014 года складала $ 165 за тысячу кубаметраў. Гэта было пры курсе расейскага рубля 32-33 за долар. На 1 студзеня 2015 года ў нас цана на газ стала $ 142. Пры гэтым долар стаў каштаваць больш 60 расейскіх рублёў. Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць каля $ 80», – заўважыў Андрэй Кабякоў.

НМ, belsat.eu, паводле «РИА Новости»

Стужка навінаў