Каўбаса, салёныя агуркі, гліняныя гаршкі – што яшчэ вырабляе і чым валодае Ўпраўленне справамі прэзідэнта?


Каўбаса, салёныя агуркі, гліняныя гаршкі – што яшчэ вырабляе і чым валодае Упраўленне справамі прэзідэнта?

Упраўленне справамі прэзідэнта ўключае 67 падначаленых арганізацый і ахоплівае, бадай, усе сферы эканомікі Беларусі – ад вырабу сувеніраў да гандлю нафтапрадуктамі. «Белсат» зацікавіўся, што гэта за прадпрыемствы і навошта яны прэзідэнту?

Паспяхова працуеш? Станеш уласнасцю прэзідэнта

Пра Ўпраўленне справамі прэзідэнта на сайце арганізацыі гаворыцца, што гэта орган дзяржаўнага кіравання, падначалены беспаясрэдне прэзідэнту. Было створана ўказам кіраўніка дзяржавы ў жніўні 1994 года, «прайшло шлях ад невялікага падраздзялення, што займалася матэрыяльна-тэхнічным і сацыяльна-бытавым забеспячэннем вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, да буйнога шматгаліновага суб’екту гаспадарчай дзейнасці, што аб’яднаў дзясяткі паспяховых падуладных прадпрыемстваў».

УСП уключае каля 70 падначаленых арганізацый на тэрыторыі і за межамі краіны. Гэтая лічба расце.

Напрыканцы красавіка да УСП з уласнасці Пінскага раёну і Берасцейскай вобласці перайшло ААТ «Пінскі мясакамбінат». Цяпер Упраўленне валодае 97 % актываў прадпрыемства на агульную суму Br 34,77 млрд. Гэтая перадача, відаць, стала лагічным працягам красавіцкай дамоўленасці паміж Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком УСП Віктарам Шэйманам аб стварэнні ў складзе Упраўлення шэрагу новых прадпрыемстваў, якія зоймуцца вытворчасцю і перапрацоўкай мяса.

Але навошта ствараць новае, калі ёсць старое, якое няблага працуе? ААТ «Пінскі мясакамбінат» у адрозненні ад большасці беларускіх прадпрыемстваў прыносіў прыбытак: за тры кварталы 2014 года – Br 17,8 млрд.

Прэзідэнцкая імперыя: мяса, нафта, тытунь, алмазы, латэрэі

За апошні год Упраўленне справамі прэзідэнта папоўнілася шэрагам прадпрыемстваў – кампаніяй «Малочны гасцінец», створанай на базе менскага Гармалзаводу № 2, агракамбінатам «Мачулішчы», «Парытэтбанкам».

У красавіку 2014 года пад крылом УСП было створана прадпрыемства «Белзамежгандаль». На сайце прадпрыемства гаворыцца, што яно займаецца раздробным гандлем нафтапрадуктамі і сельскагаспадарчай прадукцыяй (малочная прадукцыя, мяса, птушка). Гандлюе кампанія ў Расеі.

На каўбасе і нафце УСП не спыняецца. На ТАА «Адамас-Інвест» яно плануе заняцца вытворчасцю і апрацоўкай сінтэтычных алмазаў. Арганізацыя падначалена дзяржпрадпрыемству УСП «Беларусьгандаль». Доля дзяржавы ва ўстаўным фондзе складае 50 %.

Акрамя таго, «Беларусьгандаль» – асноўны імпарцёр алкагольнай і тытунёвай прадукцыі замежных вытворцаў на беларускі рынак.

У валоданні Упраўлення – і беларускі латарэйны манапаліст «Беларускія латарэі».

Не богі гаршкі лепяць. А Ўпраўленне справамі прэзідэнта

Акрамя прадпрыемстваў, УСП кантралюе чатыры Нацыянальныя паркі – «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Браслаўскія азёры», а таксама Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Таксама УСП валодае такімі гатэлямі Менску, як «Прэзідэнт-гатэль», «Менск», «Планета», «Юбілейны», шэрагам санаторыяў па ўсёй краіне і за мяжою. Санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі (Літва), санаторый «Белая Русь» у Туапсэ (Краснадарскі край, Расея), санаторый «Беларусія» ў Ялце, таксама санаторыі ў Юрмале (Латвія) і Сочы падначаленыя Аляксандру Лукашэнку.

Ёсць ва Упраўленні і сваё транспартавае прадпрыемства – «Белтрансспецаўта», якое, згодна з інфармацыяй на сайце, «выконвае абслугоўванне дэлегацыяў і ўрачыстасцяў аўтамабілямі прадстаўнічага класу».

Паводле інтэрнэт-старонкі арганізацыі, «атрымалася захаваць традыцыі швейнай і ткацкай вытворчасці, гліняных гаршкоў, вырабаў з саломы і гліны». «Белмастпромыслы» з 14 прадпрыемствамі ў складзе вырабляе і прадае сувеніры.

Салёных агуркоў ад прэзідэнта не жадаеце?

Не можа Ўпраўленне справамі прэзідэнта пакінуць без кантролю і харчаванне беларусаў. прапаноўвае набыць бурак сталовы марынаваны, таматы салёныя, агуркі салёныя і маласольныя, сок бярозавы, рыбу, сыры і нават торты.

Калі праглядаеш старонку Упраўлення справамі прэзідэнта, складваецца ўражанне, што яно сапраўды, як у тым анекдоце, і швец, і жнец, на дудзе гулец. Бо кантролем падначаленых прадпрыемстваў ахопленыя ўсе сферы жыцця беларусаў, усе галіны прамысловасці. Які ў гэтым сэнс? І ці ёсць яшчэ дзе ў свеце адміністрацыя прэзідэнта, што вырабляе каўбасу ды салёныя агуркі?

«Так Лукашэнка яшчэ больш умацоўвае сваю ўладу»

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, перадача прадпрыемстваў пад кантроль Упраўлення справамі прэзідэнта не мае абсалютна ніякага эканамічнага сэнсу. Гэта проста ўмацаванне эканамічнай улады прэзідэнта.

Што да прыбытковасці прадпрыемстваў УСП, эканаміст заўважае, што такі аналіз не праводзіўся, бо не збіраліся дадзеныя. Спадар Заіка сумняецца, што нешта змяняецца ў лепшы бок на прадпрыемстве, калі яно пераходзіць пад кантроль УСП. Кантроль за кіраўнікамі, магчыма, становіцца большым.

Эксперт зазначае, што ў нармальнай дэмакратычнай краіне пераўтварэнне Упраўлення справамі прэзідэнта ў буйны холдынг з дзясяткамі прадпрыемстваў немагчыма сабе ўявіць.

«Такой з’явы ўвогуле быць не мусіць, паводле дэфініцыі. Бо палітычная ўлада мусіць быць дыстанцыянаваная ад эканамічнай сферы, інакш, калі палітычная ўлада бярэ пад кантроль эканоміку, – гэта парушэнне базавых прынцыпаў падзялення ўлады і дзяржаўнага кіравання», – рэзюмаваў эканаміст», – рэзюмаваў эканаміст.

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў