Каб выявіць «дармаедаў», у Беларусі створаць спіс усіх падаткаплацельшчыкаў


Падатак за «дармаедства» заплацяць замежнікі, якія жывуць у Беларусі і не працуюць, і не заплацяць беларусы, якія легальна працуюць у Расеі.

«Цяпер у Беларусі пражываюць больш за 165 тыс. замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія маюць від на жыхарства. Паводле папярэдняй ацэнкі МУС, каля 10 тыс. замежнікаў могуць стаць плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў», – заявіў кіраўнік Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун падчас онлайн-канферэнцыі, якую зладзіла БелТА.

Таксама Аляксей Бягун адзначыў, што МУС разам з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва з’яўляюцца першаснымі крыніцамі персанальных дадзеных грамадзянаў, якія будуць вымушаныя кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі.

Для пошуку «дармаедаў» складуць агульны спіс падаткаплацельшчыкаў, паведаміў намеснік працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. Ствараць гэты спіс будзе Міністэрства па падатках разам з іншымі дзяржаўнымі органамі. Далей дадзеныя будуць накіроўвацца мясцовым уладам і ў падатковыя інспекцыя. А ўжо гэтыя органы накіруюць «дармаедам» паведамленні пра неабходнасць выплаціць падатак.

Згодна з Дэкрэтам N 3, ад выплаты падатку за «дармаедства» вызваляюцца беларусы, якія адсутнічалі ў краіне на працягу больш за 183 дні. Адсутнасць пры гэтым трэба пацвердзіць дакументальна.

«Калі грамадзянін працуе ў Расеі легальна, то праблем у яго не ўзнікне», – патлумачыў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

У той жа час чыноўнік ніяк не пракаментаваў, што рабіць, калі няма дакументальнага пацверджання знаходжання ў Расеі.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары